У новым навучальным годзе у школах можа зьявіцца дадатковы ўрок — «Гадзіна футболу». Па суботах вучні змогуць ганяць мяч на школьных пляцоўках і ў спартыўных залях. Таксама мэрыя Менску плянуе шчыльна заняцца паляпшэньнем футбольнай інфраструктуры.

У школах будуць адраджацца футбольныя сэкцыі і спэцыялізаваныя клясы. Пра гэта і пра неабходнасьць падняць заробкі дзіцячым футбольным трэнэрам паведаміў Міхаіл Вергяенка, намесьнік старшыні асацыяцыі «Беларуская фэдэрацыя футболу».

Па словах Вергяенкі, цяпер у 122 спэцыялізаваных школах Беларусі займаюцца больш за 126 тысяч юных футбалістаў. Калі да футболу далучацца і іншыя школьнікі, у самым папулярным відзе спорту зьявіцца болей патэнцыйных майстраў.

Будзе паляпшацца і футбольная інфраструктура гораду. Напрыканцы сакавіка сталічная мэрыя прыняла шэраг рашэньняў, сярод іншых — рэканструкцыя стадыёнаў «Дынама», «Камвольшчык», «Тарпэда» і «Трактар» у пэрыяд з 2008 па 2011 гады. Плянуецца пабудаваць і новы крыты футбольны манэж на 10 тысяч месцаў, а таксама новы стадыён на 3,5 месцаў у раёне Дому футболу.

Што тычыцца школьнай футбольнай інфраструктуры, то ў кожным раёне Менску спартовыя пляцоўкі будуць прыведзеныя ў належны выгляд, а таксама пабудаваныя новыя.

Эдуард Малафееў, футбольны спэцыяліст, адзначыў, што ўвагі вартыя ня толькі матэрыяльна‑тэхнічныя пытаньні:

«Нельга забываць і пра духоўна‑маральны аспэкт, выхаваньне патрыятызму ў сэрцах і душах юных спартоўцаў».

Паводле: БЕЛТА via Generation.bY

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0