Госцем святочнай перадачы «Мы бачым» на радыё «Рацыя» стаў палітык Зянон Пазняк.

«Каляды — гэта маё любімае свята з дзяцінства было, — расказаў Пазняк, — і самыя добрыя, прыгожыя ўспаміны засталіся з гэтага свята. Успамінаецца глыбокі снег, цішыня, госці, якія прыязджаюць на конях, спяванне калядак. Я жыву цяпер у такіх мясцінах — у Нью-Ёрку, у Варшаве, — калі на Каляды снегу не бачыш – гэта ўжо як бы і не Каляды. Такая прывычка, што снег абавязкова павінен быць. Вось беларускія Каляды для мяне асацыююцца з белым снегам, са святочным сталом, з гасцямі, з нейкім асаблівым пачуццём, якое разліта ў атмасферы, пачуццё прысутнасці Бога, адчуванне ўсяленскай вечнасці.

— А скажыце, тыя калядныя звычаі, напрыклад, дванаццаць страў, свабоднае месца для госця, таксама памятаеце?

— У нас Каляды — гэта перш за ўсё духоўнае свята. Не так мела значэнне страваў колькі там ёсць, пра гэта амаль не гаварылі, гаварылі толькі што павінна быць куцця, павінны быць мак, церлі гэты мак, павінен быць кісель, павінна быць рыба, ну ўсе тыя стравы, а там асабліва не пералічвалі колькі іх павінна быць. Абавязковая посная страва павінна быць, павінны быць стол, павінны быць размовы пра добрае, пра Бога, пра Хрыста, спяванне калядак.

Аднойчы я памятаю — гэта было, ну яшчэ Сталін жыў, тады былі дзяжурствы ў сельсаветах. Людзі з вёсак начавалі там, дзяжурылі, там быў тэлефон, гэта была такая ўстаноўка. Мы сядзелі за калядным сталом, была зіма, быў снег, было холадна, быў вецер марозны, і стукае нехта ў дзверы, а маці мая працавала ў сельсавеце, і гэта стукаў дзяжурны з нейкай далёкай вёскі. Якраз была куцця, паўтараю, і ўвайшоў гэты чалавек, холадна, а ў яго на нагах галёшы — абмоткі і галёшы, бедны-бедны чалавек. Мы былі вельмі радыя, што гэты нечаканы чалавек зайшоў да нас на куццю. Ён прынёс нам паведамленне, што з раёна пазванілі, нешта там трэба ноччу зрабіць. Гэта бальшавікі рабілі спецыяльна, спецыяльна каб, як кажуць, нагадзіць людзям, бо ведалі, што куцця. Мы запрасілі гэтага чалавека за стол, ён аднекваўся, але сеў з намі, паеў, што трэба, нават там паспяваў разам. І потым сказаў нам, маёй маме: «Панечка, дзякуй, што вы мяне запрасілі, а я вам мушу сказаць, я ніколі ў жыцці кісялю не еў». І гэта так праняло аж да слёз, бо гэта ж пасля вайны — гэта пачатак 50-х гадоў, яшчэ жыў Сталін, людзі жылі вельмі бедна, а ўжо былі калгасы, усё ад людзей адабралі, людзі нічога не мелі. І гэта вёска была за восем кіламетраў, адкуль быў гэты чалавек, яна была самай беднай. І вось гэты чалавек, які прыйшоў да нас, ён мне запомніўся, а для нас гэта была радасць, бо гэта вельмі добра, калі на Каляды прыйдзе нейкі незнаёмы чалавек. Такая была ў нас думка сярод людзей, што гэта добра, калі нехта прыйшоў.

— А ялінку ставілі?

— Абавязкова, абавязкова ставілі ялінку, яна стаяла да Трох Каралёў, а ужо як Тры Каралі, тады ўжо яе здымалі. Ну, гэта мая была задача. Я быў вельмі малы яшчэ, ужо ў школу пайшоў, але я ўжо ішоў у лес, браў сякерку, шукаў гэтую ялінку, цягнуў, потым яе ўбіраў. А потым прыязджалі нашыя госці, яшчэ на конях, яшчэ да сярэдзіны 50-х гадоў усё было на конях. У мястэчка, калі ехалі з вёсак у касцёл, то сотні вазоў, сотні па ўсіх дарогах. Дарогі былі толькі пад конскія калёсы, машын яшчэ практычна не было – гэта 50-я. Таму ялінка гэта такі занятак, які ўвайшоў у жыццё, бо дзіцячыя ўспаміны яны вельмі жывыя, яны жывуць усё жыццё ў чалавеку.

Помню яшчэ, як шчыльна зачынялі вокны коўдрамі, каб ніякі свет не прабіўся. Пры такіх шчыльна закрытых вокнах спявалі калядкі і адбывалася куцця. Так рабілі ўсюды, баяліся, каб не бачылі ўлады — так было пры Сталіне. Ужо як Сталін здох, іначай не гаварылі, то тады ўжо вокны не зачынялі, тады ўжо людзі спакайней сябе адчувалі, а вось пры Сталіне было так — куцця адбывалася пры шчыльна зачыненых коўдрамі вокнах.

Каталікі, дарэчы, паважалі праваслаўныя святы, і разам святкавалі, а праваслаўныя — каталіцкія – так у нас, у цэнтральнай Беларусі, усюды. Праўда, у нас праваслаўных не было, адкуль я родам, але мая бабуля па маці была праваслаўная, яна і ў касцёл хадзіла, не было ніякіх праблем.

— Каляды ў эміграцыі — гэта зусім іншае, але напэўна Радзіма ў думках застаецца?

— Безумоўна, для нас у эміграцыі гэта вельмі сямейнае свята атрымліваецца. Калі мы знаходзіліся ў Польшчы, у Варшаве, то там святкавала ўсё грамадства, мы гэта адчувалі. А вось у Злучаных Штатах Амерыкі, у тым асяроддзі, дзе мы знаходзімся, там беларусаў-каталікоў вельмі мала. Таму для нас гэта асабістае свята. Мы збіраемся з жонкай, адзначаем. Пасля Новага года надыходзяць праваслаўныя Каляды. Мы таксама гэта падтрымліваем, у царкву ходзім беларускую.

— Саветы зрабілі нешта такое, што Новы год, навагодняя ёлка пачалі дамінаваць над Калядамі. Можа, цяпер варта вярнуцца да таго, што гэта менавіта калядныя святы, калядная ялінка? Бо Новы год — гэта зусім іншае…

— Безумоўна, на Захадзе, у прынцыпе, так і ёсць. Самае галоўнае – Каляды, Нараджэнне Хрыстова. Іншая справа, што, як і ў Польшчы, так і на Захадзе, у Штатах, гэта ўсё звялося да Санта-Клаўса, да Святога Мікалая, да дванаццаці страў, да яды за сталом — да нейкіх чыста такіх фармальных элементаў. А пра сутнасць, што Сын Чалавечы прыйшоў на Зямлю, што адбылася вялікая падзея касмічнага маштабу, змянілася чалавецтва, змянілася ўвогуле ўяўленне пра вечнасць, афіцыйна пра гэта не гаворыцца. Тое, што па амерыканскім тэлебачанні — гэта ўсё такое пустазвонства ідзе наконт гэтага. У значнай ступені ў свецкай Польшчы тое самае адбываецца. Звяртаецца на гэта ўвага, але на такія больш фармальныя прыкметы, каб карп быў на стале і г.д. Натуральна, што касцёл праводзіць сваю лінію, мае сваё радыё, сваё тэлебачанне, але ў агульным успрыняцці грамадства ўспрымаюцца чыста фармальныя элементы.

Бальшавікі, натуральна, яны прыдумалі Дзеда Мароза замест Святога Мікалая, яны стварылі культ Новага года. І мушу сказаць, што з бальшавіцкіх часоў і па сённяшні дзень Новы Год для мяне самае ненавіснае свята. Для мяне перажыць гэтыя начныя «оргіі» – гэта найбольшае выпрабаванне. Бо гэта ператваралася ў свята нейкага паскудства, у нейкія крыкі, у нейкія бойкі, у нейкую панажоўшчыну — за гэтым няма ніякага сэнсу. Каляды — гэта зусім іншае… Гэта адпачынак для душы. Гэта сапраўды свята высокае, духоўнае, з прыемнымі ўспамінамі, якія б цяжкія яны ні былі — хоць мы закрывалі вокны коўдрамі, але гэта быў свой свет. Гэта было тое свята, якое застаецца ў душы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?