Аляксандр Лукашэнка ратыфікаваў пагадненне з Расіяй аб парадку ўзаемнага выканання судовых пастаноў па справах аб спагнанні аліментаў. Падпісаны прэзідэнтам закон № 328-З ад 23 снежня апублікаваны 29 снежня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. 

Пагадненне, падпісанае 3 сакавіка гэтага года ў Маскве, прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін ратыфікаваў 30 лістапада.

Дакументам рэгламентуецца парадак узаемнага выканання судовых пастаноў па справах аб спагнанні аліментаў упаўнаважанымі органамі Расіі і Беларусі, у тым ліку парадак накіроўвання выканаўчага дакумента ўпаўнаважанаму органу боку, на тэрыторыі якога неабходна правесці выкананне. 

Пагадненнем вызначана, што «судовыя пастановы па справах аб спагнанні аліментаў, вынесеныя на тэрыторыі аднаго боку, не маюць патрэбы ў спецыяльнай працэдуры прызнання і выконваюцца на тэрыторыі іншага боку ў тым жа парадку, што і судовыя пастановы, вынесеныя на тэрыторыі іншага боку, на падставе выканаўчых дакументаў кампетэнтных судоў боку, на тэрыторыі якога былі вынесеныя судовыя пастановы». 

Прадугледжваецца, што «ў выпадку невыразнасці палажэнняў выканаўчага дакумента, спосабу і парадку яго выканання судовы выканаўца (судовы прыстаў-выканаўца) боку, на тэрыторыі якога падлягае выкананню выканаўчы дакумент, звяртаецца з заявай у суд боку, які выдаў гэты выканаўчы дакумент». Заява афармляецца ў выглядзе запыту аб прававой дапамозе ў парадку, які прадугледжаны дадаткам да пагаднення. 

У дакуменце ўтрымліваюцца нормы, прадметам рэгулявання якіх з'яўляюцца асноўныя правы і свабоды чалавека і грамадзяніна. Напрыклад, у артыкуле 5 пагаднення прадугледжваецца права даўжніка ў выпадку невыканання парадку распачынання выканаўчай вытворчасці, а таксама ў іншых выпадках на зварот са скаргай у суд боку, на тэрыторыі якога павінна быць выкананая судовая пастанова, на працягу 30 дзён з моманту, калі яму стала вядома аб распачынанні выканаўчай вытворчасці. 

Пагадненне паміж Беларуссю і Расіяй аб парадку ўзаемнага выканання судовых пастаноў па справах аб спагнанні аліментаў было прынятае Палатай прадстаўнікоў 19 лістапада, Саветам Рэспублікі — 9 снежня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?