Кіраўніцтва аддзела адукацыі Гродзенскага гарвыканкама не дазволіла правядзенне калядных сустрэчаў у школах горада, дзе існуе факультатыўнае вывучэнне польскай мовы.

Святочнае ламанне аплаткам забаронена ў сувязі з тым, што ў такіх сустрэчах разам з дзецьмі традыцыйна ўдзельнічаюць супрацоўнікі генеральнага консульства Рэспублікі Польшча, каталіцкія святары і прадстаўнікі паланійных арганізацый, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Беларусі.

На думку старшыні Гродзенскай гарадской арганізацыі непрызнаванага ўладамі Саюза палякаў Паўла Кмеціка, рашэнне прынята паводле загаду абласнога ўпраўлення камітэта дзяржаўнай бяспекі, супрацоўнікі якога ўбачылі ў калядных сустрэчах ідэалагічную небяспеку. Такія дзеянні, какжа Кмецік, з’яўляюцца праявай распальвання міжнацыянальнай і міжканфесійнай варожасці: «Гэта нонсэнс. Ідзе падзел дзяцей. Нават і не ведаю, якімі поглядамі кіраваліся тыя, хто забараняў. Атрымліваецца, ёсць добрая вера, а ёсць кепская вера. А гэта ніколі не давядзе да добрай справы».

Гродзенскія ўлады, пачынаючы з новага навучальнага года, істотна абмежавалі факультатыўнае вывучэнне польскай мовы ў агульнаадукацыйных школах горада. Акрамя таго, зачыненая адзіная польскамоўная група ў дзіцячым садку №83. Многія настаўнікі польскай мовы мелі размовы з супрацоўнікамі КДБ, якія пад пагрозамі спрабавалі змусіць педагогаў адмовіцца ад выкладання польскай мовы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?