Адміністрацыя БДУ не плануе адмяняць плату за пераздачу акадэмічнай запазычанасці. Такую выснову можна зрабіць па выніках сустрэчы рэктара са студэнтамі, якая прайшла 30 снежня ў Мінску, паведаміў БелаПАН адзін з яе ўдзельнікаў.

Паводле яго слоў, на сустрэчу прыйшло некалькі студэнтаў, з кожным з якіх рэктар ВНУ Сяргей Абламейка і яшчэ два прадстаўнікі адміністрацыі размаўлялі індывідуальна.

Студэнт адзначыў, што на сустрэчу запісалася каля 30 чалавек. Планавалася, што студэнты змогуць узняць пытанні, якія іх хвалююць: адмену платных пераздач, націск на актывістаў студэнцкага руху, стварэнне рэальнага органа студэнцкага самакіравання. Студэнт сказаў, што змог абмеркаваць усе гэтыя тэмы, аднак на кожнае пытанне «атрымаў фармальны кароткі адказ».

«Рэктар настойваў, — сказаў студэнт, — што ў БДУ няма націску на актывістаў руху «Студэнты супраць», а студэнцкае самакіраванне працуе эфектыўна. Рэктар таксама сказаў, што рашэнне аб увядзенні платы за пераздачу акадэмічнай запазычанасці прымалася не ў ВНУ, а «наверсе».

Суразмоўца БелаПАН адзначыў, што некаторыя студэнты, якія хацелі трапіць на сустрэчу з рэктарам, не прыйшлі на яе, бо пайшлі на суд над студэнтам філфака БДУ Глебам Вайкулем. Ён абвінавачваўся ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве — студэнцкім маршы, які прайшоў 2 снежня ў Мінску, і быў аштрафаваны на 3,24 млн. рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?