У Менску, у Парку Дружбы народаў, пачаўся мітынг у падтрымку аб'яднаньня народаў Беларусі і Расеі. На акцыю сабралася пакуль 30-40 чалавек. Сярод іх: браты Скрабцы, генерал Валер Фралоў, намесьнік старшыні Партыі камуністаў Беларусі Алена Скрыган ды інш.

Удзельнікі акцыі трымаюць расьцяжкі: "Свабоду Казуліну" і "Россия, дай отдохнуть от АГЛ". Ёсьць бел-чырвона-белыя сьцягі з ружай (сымболіка БСДП) і расейскія дзяржаўныя.

Грае музыка. Гучаць песьні з рэпэртуара Віктара Цоя і "Акіяна Эльзы". Традыцыйнае пытаньне журналістаў: "А чаму не даюць цукерак?", застаецца пакуль без адказу :)

На акцыі прысутнічае таксама паўтара дзясятка журналістаў.

Настрой ва ўсіх бадзёры, пазытыўны.

Нагадаем, што пасьля мітынгу павінен пачацца канцэрт у знак салідарнасьці з палітвязьнямі.

***

18:35 Падышоў міліцыянт і папрасіў згарнуць расьцяжкі і схаваць сьцягі, паколькі яны не перадаюць сутнасьці заяўленага мерапрыемства -- яднаньня з Расеяй. Што праўда, расьцяжкі схавалі.

Зьявіўся Сяргей Скрабец са сьцягам Тыбэту.

18:38 Пачаўся мітынг. Людзей паболела. За выняткам журналістаў, у Парку Дружбы народаў -- 50 чалавек. Але сярод іх хапае мінакоў, якія зь цікавасьцю назіраюць за сюжэтам акцыі.

18:44 Першым выступіў Сяргей Скрабец. Ён працытаваў спачатку словы БТ, якое колісь сказала, што ў Беларусі няма разумных палітыкаў, якія выступаюць за інтэграцыю з Расеяй.

«Няпраўда, — сказаў Скрабец, — яны тут, на гэтым мітынгу».

Таксама ён прапанаваў Лукашэнку і ўраду выбачыцца перад народам Расеі, перад Пуціным і Мядзьведзевым за той, бруд, які ліецца на Расею з прапагандысцкіх каналаў.

Генэрал Валер Фралоў у сваім выступе згадаў, як добра жылося беларусам пры СССР, што БССР была тады ў прывілеяваным становішчы. А незалежнасьць звалілася ў 1991 г. нечакана і дзякуючы Расеі, — сказаў генэрал. Ён таксама заўважыў, што летась на аналягічным мітынгу было толькі 12 чалавек. "Цяпер нас у некалькі разоў болей, а пра год будзе яшчэ болей".

18:51 Генэрал Бокаў, што выступаў наступным, адразу заявіў, што яму сорамна выступаць пад бел-чырвона-белымі сьцягамі, што лунаюць ля сцэны.

"Гэта сьцягі паліцаяў і здраднікаў", — заявіў удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Ён заклікаў маладых людзей пакінуць сцэну з нацыянальнымі штандарамі. Моладзь у адказ гукае: "Ганьба" і "Жыве Беларусь", але сыходзіць.

Генэрал Бокаў таксама назваў сёньняшню нацыянальную апазыцыю эсэсаўскімі недабіткамі і заявіў, што Партыя камуністаў беларуская выступае за інтэграцыю з Расеяй.

Генэрал Фралоў паспрабаваў выбачыцца перад моладзьдзю за зьнявагу нацыянальных сымбаляў.

Журналісты паціху пачынаюць пакідаць "мерапрыемства".

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?