1 студзеня ў галоўнай ВНУ Беларусі — Беларускім дзяржаўным універсітэце — набыло моц палажэнне аб аплаце паўторнай здачы залікаў і экзаменаў. 

Палажэнне «Аб арганізацыі атэстацыі асоб, якія не здалі экзамены, залікі, не прайшлі іншыя формы кантролю вынікаў вучэбнай дзейнасці, прадугледжаныя вучэбнымі планамі, і ліквідацыі розніцы ў вучэбных планах у Беларускім дзяржаўным універсітэце» зацверджана загадам рэктара БДУ Сяргея Абламейкі 12 лістапада. 

Кошт адукацыйных паслуг, якія аказваюцца пры ліквідацыі акадэмічнай запазычанасці і акадэмічнай розніцы ў вучэбных планах для беларускіх грамадзян, складае: за пераздачу экзамену (дыферэнцыраванага заліку) у прафесара — 53 тыс. рублёў, дацэнта — 50 тыс., выкладчыка без навуковай ступені — 47 тыс., заліку — 37, 35 і 33 тыс. адпаведна.

Кіраўніцтва выкананнем і абарона курсавой работы ацэненыя ад 516 тыс. рублёў (пад кіраўніцтвам выкладчыка без навуковай ступені на першым курсе) да 945 тыс. (пад кіраўніцтвам прафесара на пятым курсе), а кіраўніцтва выкананнем і абарона дыпломнай работы (праекта) — ад 2 млн. 732 тыс. да 3 млн. 24 тыс. адпаведна.

Самая дарагая паслуга пры ліквідацыі акадэмічнай запазычанасці і акадэмічнай розніцы — кіраўніцтва выкананнем і абарона магістарскай дысертацыйнай работы: 3 млн. 745 тыс. пад кіраўніцтвам прафесара.

Увядзенне платы за ліквідацыю акадэмічнай запазычанасці адміністрацыя БДУ абгрунтавала нормамі заканадаўства, у прыватнасці Кодэкса аб адукацыі. «У базавы кошт атрымання як адукацыі, якая фінансуецца з дзяржаўнага бюджэту, так і адукацыі, якая ажыццяўляецца за кошт уласных сродкаў грамадзян, уваходзіць толькі аднаразовая здача залікаў і экзаменаў. У выпадку ўзнікнення акадэмічнай запазычанасці заканадаўства трактуе такую пераздачу як адукацыйную паслугу, якая павінна аказвацца пры ўмове кампенсавання яе кошту», — паведаміла прэс-служба БДУ. Пры гэтым звярталася ўвага на тое, што плата за паўторную здачу залікаў і экзаменаў ужо даўно ўведзеная ў большасці беларускіх ВНУ. 

Увядзенне платных пераздач стала прычынай незадавальнення студэнтаў.

Актывісты руху «Студэнты супраць» сабралі некалькі тысяч подпісаў за адмену гэтага рашэння і правялі 2 снежня ў Мінску марш пратэсту. Яны патрабавалі адмены нормы аб платных пераздачах і ўвядзення механізму рэальнага самакіравання ў БДУ. 

30 снежня некалькі студэнтаў-актывістаў сустрэліся з рэктарам Абламейкам. Яны ўздымалі праблемныя пытанні, але, як паведаміў БелаПАН адзін з удзельнікаў сустрэчы, атрымалі фармальныя адказы. Пасля сустрэчы стала зразумела, што адміністрацыя БДУ не плануе адмяняць плату за пераздачу акадэмічнай запазычанасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?