Свабода… 
Гэта калі 
Некалькі пар рук 
І некалькі пар ног 
Пераступаюць парог 
І прыводзяць мінімум 
Двух. 
Панятых. 
Нічым не занятых. 
З тварам памятым. 

Свабода 
Гэта калі 
Некалькі пар ботаў, 
Берцаў такіх вялізных, 
З амапаўскаю пяшчотай 
Праходзяць па чыстай тваёй бялізьне. 

Свабода 
Гэта калі 
Дадолу ляцяць майткі, 
Станікі. 
Па іх ходзяць чужыя ногі. 
І ветлівыя карнікі 
легчы просяць 
Цябе 
на падлогу. 
Яны гаспадары тут. 
Начальнікі. 
Твой дом, твая крэпасьць — 
Іх. 

Забудзься на панятых, 
Што з тварам памятым, 
З ложку ўзьнятых, 
Свабода 
Гэта калі 
Маеш права не мець свабоду. 
Прычым неабмежавана. 
І гэтае права 
за нашым народам 
Да сьмерці замацавана.

31.12.2015

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0