За апошнія тры гады памер стыпэндыяў у Беларусі павялічыўся ў 1,5 разы. Прыблізна такімі ж тэмпамі рос і бюджэт пражытачнага мінімуму — стыпэндыі абагналі гэты паказчык усяго на два адсоткі. А праезд у гарадзкім транспарце падаражэў для студэнтаў за гэты час у тры разы.
Пра памеры стыпэндыі распавяла 2 красавіка Лідзія Субоцкая — кіраўніца галоўнага ўпраўленьня сацыяльна‑эканамічнага разьвіцьця Міністэрства адукацыі — на паседжаньні пастаяннай камісіі Рады Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і гуманітарных пытаньнях.
Па ейных словах, апошняе павышэньне стыпэндыяў адбылося 1 лістапада 2007 і зараз студэнты‑бюджэтнікі атрымоўваюць ад 89,4 тысяч да 143,1 тысячы рублёў. Бюджэт пражыткавага мінімума за тры гады вырас на 48 %.
Але на што можна патраціць гэтыя грошы? У бюджэт пражытковага мінімума, які складае ад пачатку бягучага году ў сярэднім 200 080 рублёў, а для студэнтаў — 210 860 рублёў, уваходзяць толькі асноўныя прадукты і паслугі для забесьпячэньня мінімальнага спажываньня. Цэны на іх альбо растуць марудна, альбо рэгулююцца дзяржаваю.
Напрыклад, у структуры бюджэту пражыткавага мінімума выдаткі на транспарт разам з побытавымі паслугамі прадугледжаныя ў памеры 7,5 % — а гэта 15 тысяч рублёў, у той час як праязны на адзін від транспарту каштуе больш за 23 тысячы, то бок — чвэрць стыпэндыі.
У той час, як стыпэндыя ўзрасла ў 1,5 разы за тры гады, праезд у тым жа транспарце з 2005 года павялічыўся ў тры разы.
Адначасова колькасьць бюджэтных месцаў скарачаецца, узровень аплаты за навучэньне няспынна павышаецца. Па словах Лідзіі Субоцкай, стыпэндыі будуць расьці адначасова з павышэньнем заработнай платы ў краіне. І калі для студэнтаў‑бюджэтнікаў рост аплаты працы ў Беларусі азначае неістотны дадатак да стыпэндыі, для студэнтаў‑платнікаў — значнае павышэньне аплаты.