У сярэдзіне студзеня вядомы беларускі дызайнер Іван Айплатаў пакіне пасаду крэатыўнага дырэктара швейнай фабрыкі «Элема». Сыход стаў ініцыятывай самога дызайнера.

Іван Айплатаў у цэху швейнай фабрыкі «Элема». Фота: Яўген Ерчак, TUT.BY

Іван Айплатаў у цэху швейнай фабрыкі «Элема». Фота: Яўген Ерчак, TUT.BY

Айплатаў прыняў рашэнне пакінуць «Элему» напярэдадні Новага года. У якасці крэатыўнага дырэктара ён прапрацуе да 15 студзеня. Пасля сыходу з фабрыкі дызайнер зоймецца развіццём уласнага брэнда Ivan Aiplatov. Прапановы супрацоўніцтва ад іншых прадпрыемстваў ён пакуль не разглядае.

«Я на пазітыўнай ноце сыходжу ў свой брэнд, і мне гэта вельмі падабаецца. Мы дастаткова плённа супрацоўнічалі, але так склаліся абставіны, што мне цяпер цікава займацца сваім брэндам».

Дызайнер запэўніў, што не мае ніякіх прэтэнзій да «Элемы». У кіраўніцтва фабрыкі іх таксама няма, сказаў намеснік дырэктара па маркетынгу Анатоль Венедыктаў.

«У нас першапачаткова былі дамоўленасці, што Іван Айплатаў працягне працу са сваім брэндам паралельна з працай на нашым прадпрыемстве. У дадзены момант ён будзе надаваць больш часу менавіта яму».

Іван Айплатаў застаецца ў складзе назіральнага савета «Элемы». Акрамя таго, кіраўніцтва фабрыкі хоча, каб ён працягнуў працу над прэміяльнай калекцыяй. Цяпер ідуць перамовы на гэты конт.

«Мы не разыходзімся, проста мяняем фармат працы», — патлумачыў Анатоль Венедыктаў.

У бліжэйшыя пару месяцаў «Элема» не плануе нікога запрашаць на месца Айплатава.

Нагадаем, дызайнер стаў крэатыўным дырэктарам фабрыкі ў снежні 2014 года. Пад яго кіраўніцтвам былі створаныя некалькі калекцый. Апошнюю з іх, вясновую, «Элема» прэзентавала на Тыдні моды ў Маскве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?