Дзяржаўтаінспекцыя Мінскага раёна не прыцягнула да адказнасці дэпутата Мінаблсавета Алега Суконку, які стаў фігурантам скандальнага відэароліка.

Першапачаткова ДАІ ўбачыла на запісе камеры відэарэгістратара прыкметы правапарушэння па частцы 6 артыкула 18.14 кодэкса аб Адміністрацыйных правапарушэннях (прадугледжваецца папярэджанне ці штраф да пяці базавых велічынь).

Гісторыя прагучала на ўсю краіну пасля таго, як «Вольва» віп-кіроўцы трапіла пад рэгістратар іншага аўтааматара. На роліку бачна, як Суконка парушае ПДР: едзе па дарозе з аднабаковым рухам у процілеглым кірунку. Падчас перапалкі паміж кіроўцамі чуваць, што дэпутат апелюе да свайго пасведчання і нават пагражае свайму апаненту.

Здавалася б, парушэнне ПДР відавочнае. Але ў Дзяржаўтаінспекцыі Мінскага раёна на гэта іншы пункт гледжання. Мясцовы начальнік Сяргей Баран вынес пастанову аб спыненні справы.

«За недаказанасцю вінаватасці фізічнай асобы», — пазначана ў адказе з ДАІ, які атрымаў на рукі Віталь Занько — той самы абураны грамадзянін, які паведаміў праваахоўнікам пра скандальнае відэа.

Безумоўна, Алег Суконка паважаны і аўтарытэтны чалавек. Ён не проста дэпутат, але і дырэктар РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі. Але, як гарантуе Канстытуцыя, высокі статус і заслугі не даюць такому чалавеку перавагі над простымі смяротнымі.

Да таго ж, сам Алег Рыгоравіч не стаў адмаўляць, што парушыў ПДР і што гэта ён кіраваў «Вольва», якое трапіла ў аб’ектыў відэарэгістратара:

«Ну і што, што я паехаў пад знак — ніводнага чалавека там не было, 150 метраў па сустрэчнай паласе. Панясу пакаранне за гэта, што ж рабіць. Не думаю, што пазбавяць правоў — я не стварыў ніякай аварыйнай сітуацыі. Дадуць штраф».

Віталь Занько, які напісаў заяву на Суконку ў ДАІ, вельмі расчараваны і ўжо напісаў скаргу ў пракуратуру Мінскага раёна.

«Дэпутат з ксівай можа ездзіць усюды, а чалавека без ксівы могуць за такое ж парушэнне пазбавіць права кіравання толькі на падставе відэа, якое нечакана з’явіцца ў інтэрнэце. Вось у якой краіне мы жывём», — робіць уласныя высновы Занько.

Як стала вядома Еўрарадыё, ДАІ Мінскага раёна, даказваючы вінаватасць дэпутата, не апытала нават Аляксандра — таго самага кіроўцу, які зняў і выклаў ролік у інтэрнэт.

Ці з’яўляецца відэазапіс доказам парушэння ПДР?

У Беларусі дзейнічае гэтак званая прэзумпцыя вінаватасці ўладальніка транспартнага сродку, які з-за парушэння хуткасці трапіў пад фотафіксатар.

Запіс жа з відэарэгістратара не заўсёды на 100% даказвае парушэнне ПДР, тлумачыць кіраўнік папулярнага праекта «Перахоп», падпалкоўнік міліцыі Аляксандр Ластоўскі.

Любы грамадзянін, які зафіксаваў на фота ці відэа правапарушэнне, можа даслаць такі кампрамат на «Перахоп». У выпадку публікацыі, праваахоўныя органы часта рэагуюць на гэта. Дарэчы, відэа з дэпутатам на адрас праекта адпраўлялі, але апублікаванае яно не было.

«Ёсць шмат разнастайных абставінаў, калі відэа не з’яўляецца падставай для прыцягнення кіроўцы да адказнасці. Напрыклад, момант правапарушэння быў больш за два месяцы таму ці пазнавальнасць аўтамабіля недастатковая. Апроч гэтага ёсць працэсуальны парадак даказвання. Здараецца, збор доказаў не такі хуткі і відавочны, як гэта падаецца. З пункту гледжання закона, нельга на падставе відэа тыкнуць у чалавека і сказаць, што ён парушальнік. Усё трэба даказаць ва ўсталяваным парадку і належным чынам зафіксаваць», — тлумачыць нюансы Аляксандр Ластоўскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?