Пасьля 25 Сакавіка Віталь Тарас узьнімае праклятыя пытаньні беларускага руху.

Пасьля 25 Сакавіка паводле зразумелых прычынаў шмат пісалі пра разгон і арышты дэманстрантаў у Менску на подступах да плошчы Якуба Коласа. Значна меней, таксама паводле зразумелых прычынаў, згадвалі стаяньне дэманстрантаў на пляцоўцы ля прэзыдыюму НАН Беларусі. Хацеў быў пагуляць у словы, якія ляжаць на паверхні: стаяньне — процістаяньне. Але цяпер ужо не да філялягічных экзэрсісаў. Дый не было, насамрэч, у той дзень процістаяньня. Людзі ішлі на сьвята. Спэцназ стаў іх біць. Частка людзей пайшла да Акадэміі навук — месца дазволенага гарвыканкамам збору. Там правялі мітынг, там потым стаялі пад сьнегам і дажджом да васьмі гадзінаў вечару.

Стаяў і міліцэйскі тонваген. Праз гукаўзмацняльнікі міліцыя пэрыядычна заклікала ісьці па Сурганава да плошчы Бангалор, дзе мітынг дазволены ў парку Дружбы народаў ад 18‑й да 20‑й гадзіны. І папярэджвала, што мітынг ля Акадэміі забаронены, таму супраць яго ўдзельнікаў могуць быць ужытыя спэцсродкі. Цікава, што тым вечарам міліцэйскія абвесткі ўпершыню за апошні час гучалі выключна па‑расейску. Тым самым як бы даючы зразумець удзельнікам сьвяткаваньня, што гульні ўладаў з грамадзтвам скончыліся. Заставалася толькі абвесьціць камэнданцкую гадзіну.

Час абсурду

З набліжэньнем восьмай гадзіны сытуацыя рабілася ўсё больш абсурднай. Не маглі ж дэманстранты адолець адлегласьць паміж Акадэміяй навук і плошчай Бангалор за пяць—дзесяць хвілінаў. Хіба што верталётам? І што ўвогуле рабіць нармальным людзям у цёмным парку ўначы, у непагадзь? Але сытуацыя і без таго была ненармальнай.

Хоць і прадказальнай. У гэтым і парадокс. Яшчэ напярэдадні некаторыя арганізатары шэсьця ад дэмсілаў шчыра казалі ў сваіх інтэрвію: улада настроеная агрэсіўна, правесьці шэсьце мірна не дадуць. У інтэрнэце блогеры, якія ўдзельнічалі ў папярэдніх акцыях апазыцыі, нагадвалі — ніколі ад 2000 году ўлады яшчэ не дазвалялі свабодна сабрацца на плошчы Якуба Коласа. Таму варта мець альтэрнатыўныя варыянты.

Пасьля разгону тыя, каго не затрымалі, рознымі шляхамі дабраліся да Акадэміі навук, дзе ўжо чакала частка людзей. Там лідэры апазыцыі зноў пацьвердзілі, што альтэрнатывы няма — на Бангалор яны ня пойдуць. Пасьля кароткага імправізаванага мітынгу лідэры, палічыўшы мерапрыемства завершаным, разышліся.

Людзі — некалькі сотняў чалавек — заставаліся на месцы яшчэ каля гадзіны. Самае распаўсюджанае пытаньне ў натоўпе перад мітынгам і пасьля было: куды рухацца? Пытаньне павісла ў паветры. Усе нечага чакалі. Чаго? На гэтае пытаньне ніхто, напэўна, у той момант ня змог бы адказаць. Мабыць, нейкага пляну дзеяньняў?

Наступным днём я падзяліўся сваімі назіраньнямі і эмоцыямі са знаёмым журналістам. Яму падалося, што я абвінавачваю апазыцыю ў нежаданьні несьці адказнасьць перад людзьмі. І атрымаў параду крыху астыць. На думку калегі, беларуская апазыцыя нічым ня горшая, чым любая іншая — ці то ў М’янме, ці то ў Тыбэце, ці то ў Зымбабвэ. І ўвогуле, нельга вымагаць ад людзей, у тым ліку й палітыкаў, гераізму.

Безумоўна, гэта так. Абвінавачваць кагосьці ў адсутнасьці гераізму, а тым больш заклікаць на подзьвігі амаральна. Каб зразумець гэта, дастаткова паставіць самога сябе на месца іншых.

Акрамя таго, усім вядомы афарыстычны радок: «Каждый мнит себя стратегом, видя бой со стороны» (з расейскага перакладу «Віцязя ў тыгравай скуры» Шата Руставэлі). Няшчасьце толькі ў тым, што ў сучаснай Беларусі нам усім, можа, і хацелася б ацэньваць бой вонкі. Але гэта ня надта ўдаецца. Першымі, і не аднойчы, у гэтым змаглі пераканацца журналісты. Вельмі цяжка аб’ектыўна нешта ацэньваць, калі цябе б’юць дручком па галаве, кідаюць у аўтазак ці прыходзяць зь ператрусам, адбіраюць кампутары. І нават калі гэта адбываецца не з табой, а з тваімі калегамі, ня робіцца лягчэй. Бо ведаеш, што твая чарга можа быць наступнай, як бы аб’ектыўна і гнутка, якой бы эзопавай мовай ты ні стараўся пісаць.

Загад: усе свабодныя!

Крытэр праўды — практыка. Апазыцыя даўно ў гэтым пераканалася і цудоўна ведае, чым заканчваюцца масавыя акцыі, калі ўлада чымсьці моцна незадаволеная. А на кім жа яшчэ ёй зрываць сваю злосьць? Пра гэта ведаем і ўсе мы, хто (таемна альбо яўна) перабывае ў апазыцыі да ўлады, хай не ўваходзячы ў партыйныя структуры.

Так што пытаньні да апазыцыі трэба, найперш, адрасаваць да саміх сябе. Ці мы добра ўсьведамляем, у якім грамадзтве жывем? Ці разумеем, што застаемся ў меншыні паводле вызначэньня? (І нават калі заўтра ідэалы апазыцыі перамогуць, усё адно ў бальшыні будзем ня мы, а тыя, хто першымі гэтымі ідэаламі пакарыстаецца.)

Ці ведаем напэўна, чаго хочам, куды імкнемся, за кім і навошта хочам ісьці?

Калі ўспамінаю маўклівае стаяньне ля Акадэміі навук — чамусьці ўяляецца, што не. Воклічы «Жыве Беларусь!» толькі падкрэсьлівалі агульнае маўчаньне ў разгубленасьці.

З аднаго боку — народ мае права ведаць. Калі лідэры апазыцыі кажуць, што нельга абнародаваць запасны плян дзеяньняў, бо тады гэты плян адразу стане вядомы ўладам, гэта не перкановае. Пераканаць маглі б толькі самі дзеяньні. З году ў год мы пераконваемся на практыцы, што ніякага пляну няма. Альбо ён настолькі складаны, што разгадаць яго яшчэ нікому не ўдавалася, у тым ліку і ўладам.

З іншага боку, незразумелая і нават ірацыянальная наша вера ў тое, што ў апазыцыі можа быць нейкі сакрэтны плян ці сцэнар, які аднойчы ўсё пераверне, і Беларусь стане дэмакратычнай эўрапейскай краінай без рэпрэсіўных спэцслужбаў, несправядлівых судоў і хлусьлівых СМІ.

Каб адчуваць сябе свабодным чалавекам, неабавязкова хадзіць на ўсе дэманстрацыі і чакаць нейкіх указаньняў лідэраў. Як немагчыма прызначыць лідэра зьверху, гэтак няможна і загадаць быць свабодным.

Наракаць у гэтым сэнсе на беларускую апазыцыю, тым больш інтэлектуальную, не даводзіцца. Дастаткова паглядзець, што сталася з расейскімі дэмакратычнымі партыямі (напрыклад, СПС ці «Яблоко») пасьля апошніх выбараў у Думу, на тое, колькі людзей выходзяць на «маршы нязгодных» у абедзьвюх расейскіх сталіцах, параўнаць, колькі тамтэйшых інтэлектуалаў удзельнічаюць у кампаніях у абарону правоў чалавека, а колькі, наадварот, добраахвотна славяць начальства, каб пераканацца — у Беларусі жывуць ня самыя несвабодныя людзі. І беларуская апазыцыя — зусім не слабая духоўна.

Навошта паліць вёскі?

Іншая справа, што ніякая сіла духу, ніякая адданасьць Бацькаўшчыне і дэмакратыі не адмяняе неабходнасьці думаць, аналізаваць мінулыя памылкі, шукаць новыя сцэнары, якія дазвалялі б зводзіць рэпрэсіі да мінімуму, а ўласныя дзеяньні рабіць больш эфэктыўнымі.

Несумненна, гэта адчуваюць і дзеячы апазыцыі. Але ёсьць такая жудасная рэч, як звычка.

А яшчэ — непарыўнасьць часу. Ніхто ня можа вырвацца з прасторы‑часу і ацэньваць сёньняшнія падзеі як бы з вышыні. Заявы асобных спадароў пра тое, што яны ўсё прадбачылі і ўсіх папярэджвалі, здольныя выклікаць толькі сумную ўсьмешку. Няма нічога лягчэйшага і надзейнейшага, як прадказваць учорашні дзень.

Праблема ў тым, што чалавек да ўсяго прывыкае. Вайсковыя перавароты, хунта, імправізаваныя канцлягеры на стадыёнах — гэта ўсё‑ткі выключэньне з правілаў. Звычайна дыктатура высьпявае патроху. Канцлягеры і крэматорыі ў Нямеччыне пры Гітлеры зьявіліся не адразу. Спачатку былі звальненьні з працы, сьпісы «непажаданых асобаў», потым была «крышталёвая ноч» і пагромы. А яўрэі ўсё не сьпяшаліся ехаць на Захад, многія да апошняга ня верылі, што нацысты здольныя зьнішчыць усіх пагалоўна. А тыя, хто верыў, не чакалі, што ўсё адбудзецца так хутка. А нехта спадзяваўся на старыя сувязі ў вышэйшых эшалёнах улады…

І ГУЛАГ у СССР не адразу будаваўся.

12 красавіка 1995 году, калі галадаючых дэпутатаў ад апазыцыі сілай выкінулі зь Вярхоўнага Савету Беларусі, многім, нават унутры самой апазыцыі, падавалася, што гэта нейкі анахранізм, нейкае адхіленьне ад нормы. Заўсёды, пры любым аўтарытарным ці нават таталітарным рэжыме людзям хочацца спадзявацца на лепшае. Паводле аповедаў майго бацькі, у акупаваным немцамі Менску множыліся чуткі, што немцы навядуць парадак і будуць плаціць усім за працу добрыя грошы, што распусьцяць калгасы і адменяць падаткі. Верылі ўсяму, што пішуць акупацыйныя ўлады ў сваёй газэтцы. Калі б на той час была разьвітая тэлевізія, можна не сумнявацца, што жыцьцё на тэлеэкранах выглядала б тады ня горай, як цяпер на БТ.

Так і ў наш час у кожным «круглым стале» на тэму БНР з удзелам навукоўцаў‑гісторыкаў, у кожнай перадачы на тэму «беларускіх сьвятыняў», у кожнай абвестцы на беларускай мове, у кожным рэвэрансе ўлады ў бок Захаду, у кожным пагрозьлівым слове на адрас Масквы хочацца бачыць добры знак. Ці надзею на зьмякчэньне рэжыму і паварот на Захад, ці хоць бы вяртаньне ўлады да «нацыянальных каранёў».

Некалі ў дзяцінстве, пабачыўшы кінакадры, на якіх гітлерцы паляць сялянскія хаты ў беларускай вёсцы, я задаў бацькам наіўнае пытаньне: дзеля чаго яны гэта робяць? Навошта паліць хаты людзей, якія нічога кепскага не зрабілі? Я не разумеў, што гэта быў сыгнал усім, каб людзі ведалі, з кім маюць справу, і баяліся.

Калі мірных людзей б’юць спэцназаўцы на вуліцы — гэта таксама сыгнал. Толькі ня трэба баяцца. Як ня трэба чакаць цудадзейнага пляну ўратаваньня.

Трэба бачыць рэальнасьць такой, якой яна ёсьць. Іначай жыць нельга.

P.S.

Пасьля таго, як на пляцоўцы ля Акадэміі навук амаль нікога не засталося, на праспэкце Незалежнасьці адкульсьці зьявіліся легкавыя машыны міліцэйскай расфарбоўкі. Яны павольна, нібы крадком, праехаліся ўздоўж ходніка. Гэта не былі звычайныя міліцэйскія машыны. Гэта былі «крайсьлеры». На такіх звычайна езьдзіць прэзыдэнцкая ахова.

Улада баіцца людзей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?