Выканаўца з Наваполацку, які летась стаў адным з адкрыццяў у беларускай музыцы, 30 студзеня дае першы сольны канцэрт у Мінску, на якім прэзентуе свой дэбютны альбом «Песні для глуханямых». Яго выступ падтрымаюць вакаліст гурта Dzieciuki Алесь Дзянісаў і пераможцы «Бардаўскай восені-2015» – гурт «Хмарка на траве».

Малады выканаўца з Наваполацку атрымаў нямала авансаў яшчэ да выхаду свайго дэбютнага альбома. І пакрысе іх пацвярджае. На яго рахунку некалькі паспяховых канцэртаў, у тым ліку аншлаг у віцебскай «Арт-базе», пасля якога Стась зладзіў жартаўлівую фотасэсію-пародыю на Вольскага «Віцебск. Восень. Сілка». Летась ён быў названы ў ліку пераможцаў «Бардаўскай восені-2015» і ўвайшоў у шорт-ліст прэміі «Героі года» ад парталу Tuzin.fm у намінацыі «Адкрыццё года». Свой першы альбом пад назвай «Песні для глуханямых» выканаўца прэзентаваў пры канцы лета 2015. «Гэта тыя творы, якія я граю на канцэртах і тыя, якія мне хацелася «адпусціць», то бок зафіксаваць іх не ў галаве, а крышачку збоку. Гэты запіс можна лічыць зрэзам маёй творчасці, а пастаўлены песні збольшага ў храналагічным парадку», – прадстаўляе сваю працу Стась.

30 студзеня ў мінскім бары «Beer&Wine» у межах праекту «Жывы Тузін» Стась Сілка прэзентуе ўжывую свой дэбютны альбом. «Гэта мой першы выступ у Мінску ў якасці хэдлайнера, таму з усёй адказнасцю рыхтую адмысловую праграму. Адыграю старыя-забытыя і новыя-невядомыя песні. Будзе весела, кампанія ж цудоўная!», – кажа музыка з Наваполацку. Падтрымаюць яго выступ уладальнікі Гран-Пры фэсту «Бардаўская восень-2015» – гурт «Хмарка на траве» і Алесь Дзянісаў («КальЯн», «Людзі на балоце», Dzieciuki) з акустычным сэтам. Весці канцэрт будзе Алег Хаменка, нязменны вядучы радыёверсіі «Тузіна Гітоў» і лідар гурта «Палац».

***

30 студзеня (субота). 19.00. Бар Beer&Wine (вул.Кульман, 9). Стась Сілка. Прэзентацыя альбома «Песні для глуханямых». Госці: Алесь Дзянісаў (Dzieciuki), «Хмарка на траве». Кошт квітка (папярэдне) – 100 000 руб. Інфа: +375 29 687-20-93.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?