Хачу напісаць некалькі радкоў пра наша Бегам’е, пра сумны сымбаль, які ў нас ёсьць.

Касьцёл у нас разьмясьціўся ў будынку былога гатэлю. Драўляны дом каталікі адбудавалі так, што кожны раз, калі ідзеш вуліцаю Кірава, душа радуецца прыгажосьці, чысьціні і ўтульнасьці храму. Набажэнствы ідуць па‑беларуску. А вось з праваслаўнай царквой становішча вельмі кепскае. Быў храм XIX ст. У 1929 г. яго зачынілі бальшавікі, у будынку разьмясьцілі электрастанцыю. У часы вайны былі адноўленыя набажэнствы. Пасьля зноў зачынілі. У храме зрабілі сьпіртзавод, які быў аж да распаду СССР. Пасьля частку храму адрэстаўравалі. Праводзіліся набажэнствы. Але будынак прызналі аварыйным.

Цяпер набажэнствы праводзяцца ў старым будынку бальніцы. Ён патрабуе вялізнага рамонту, грошы зьбіралі жыхары Бегам’я і навакольных вёсак, але гэтага мала. І невядома каму прыйшла ў галаву думка павесіць на фасад паўразбуранага будынку выяву Божай Маці зь немаўляткам Хрыстом. Так і глядзяць яны на горы сьмецьця, на бур’ян. Ёсьць сродкі на лядовыя палацы і іншае, а на царкву, якую нібыта шануе дзяржава, грошай нестае. Так і стаяць у Бегам’і два сымбалі : занядбаньня — праваслаўная царква і адраджэньня — каталіцкі касьцёл.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?