Аўтар на прыступках храма Бом­-Жэзуш, блізу Брагі

Аўтар на прыступках храма Бом­-Жэзуш, блізу Брагі

Першае, што кідаецца ў вочы, калі прыязджаеш у Партугалію, — гэта плітка. Азулежу — партугальская кафля, якой упрыгожваюць дамы, цэрквы, вакзалы. Назва пайшла ад слова «азул» — светла­сіні, лазуравы.

З невялікіх плітак памерам 14 на 14 сантыметраў утвараюцца мазаікі з важнымі гістарычнымі падзеямі, з абліччамі святых, эмблемамі любімых футбольных клубаў. У нас такой пліткай прынята выкладваць толькі ванныя пакоі, а ў Партугаліі ўсё на свеце. Выглядае сапраўды прыгожа і незвычайна.

Макдональдс Імперыяль — адна з турыстычных фішак Порту.

Макдональдс Імперыяль — адна з турыстычных фішак Порту.

А яшчэ варта спыніцца на брукаванцы, бо ў кожным горадзе і мястэчку паўсюль свой арыгінальны ўзор, ніякіх паўтораў, ніякага шаблону. Вось Партугалія — яна такая. Хай крыху абшарпаная, але непаўторная. Шмат чаго вы не знойдзеце больш нідзе, акрамя як у Партугаліі.

Брукаванка ў Фару.

Брукаванка ў Фару.

У мяне часта пытаюцца: ці варта ехаць у Партугалію на адпачынак? Безумоўна, так. Партугалія — гэта прыемнае спалучэнне цаны і якасці, вялікай гісторыі і каларыту сённяшніх дзён. Гэтая краіна нікога не расчароўвае.

Як дабрацца?

Партугалія для нас — край няблізкі. Прамых рэйсаў на самы захад Еўропы няма ні з Беларусі, ні з Літвы. Калі ляцець з Мінска, то найлепш карыстацца паслугамі галандскай кампаніі KLM. Білеты з перасадкай у Амстэрдаме ці Парыжы можна знайсці ў раёне 220 еўра ў два бакі.

Разнакаляровы квартал Рыбейру ў Порту.

Разнакаляровы квартал Рыбейру ў Порту.

З Вільні можна дабрацца нашмат танней, дзякуючы найбольш раскручанаму еўрапейскаму лаўкосту Ryanair. Калі ўдала падбераце даты і месцы стыкоўкі, то цалкам рэальна ўкласціся ў 100 еўра туды­-назад. Перасядка, хутчэй за ўсё, будзе ў Брусэлі, Хане ці Парыжы. Перасядак баяцца не варта, нават калі часавы прамежак паміж рэйсамі не вельмі вялікі, бо ўсе гэтыя аэрапорты маленькія (не асноўныя ў гарадах) і вы без праблем паспееце на патрэбны рэйс. Ryanair лётае ў Лісабон, Порту і Фару.

Ёсць яшчэ варыянты прамых вылетаў з Кіева з авіякампаніяй МАУ. Магчыма злавіць акцыю ў межах 100 еўра ў два бакі.

Чым перасоўвацца?

Да аэрапортаў Лісабона і Порту з горада пракладзена метро. Дабірацца зручна і проста. Але вось з самой Партугаліі самалёты дадзеных рэйсаў вылятаюць вельмі рана, яшчэ да пачатку працы грамадскага транспарту, таму цалкам магчыма, што давядзецца патраціцца на таксі (у раёне 20—25 еўра ў Лісабоне і Порту, 10—15 — у Фару).

Як проці астатняй Еўропы, то метро, аўтобусы і трамваі ў Партугаліі не вельмі дарагія. Праезд у метро каштуе 1,40 еўра. Але ёсць такі варыянт, як сістэма запінгу. Для гэтага патрэбна купіць картку за 1 еўра і папаўняць яе грашыма. З такой карткай праезд абыдзецца ў 1,20 еўра. Картку потым можна абмяняць назад на грошы.

Прыгарадныя электрычкі па цэнах, канечне, немагчыма параўнаць з беларускімі, але, зноўку ж, па агульнаеўрапейскіх цэнах усё ўспрымаецца інакш. Калі за электрычку Мінск — Барысаў трэба заплаціць 10 тысяч рублёў, то за Порту — Брага (прыкладна гэткая ж адлегласць) у раёне 60 тысяч.

А вось хуткасныя цягнікі паміж вялікімі гарадамі — не самае таннае задавальненне. За білет па маршруце Фару — Лісабон давядзецца выкласці 21 еўра. Аўтобусам, вядома, танней, але не так зручна. Цягнікі і электрычкі ў Партугаліі сучасныя і вельмі камфартабельныя.

Дзе жыць?

З танным жыллём у Партугаліі няма праблем. На booking.com ці іншых сэрвісах для пошуку гатэляў і хостэлаў вы абсалютна без цяжкасцяў знойдзеце дзясяткі варыянтаў па 20—35 еўра за двухмесны нумар у цэнтры горада. Гэта не будуць прасторныя апартаменты, да якіх звыкліся пакетныя турысты, што едуць у Турцыю і Егіпет, але свежая бялізна і асобны ванны пакой з душам забяспечаныя.

Партугалія — гэта, канечне ж, і акіян.

Партугалія — гэта, канечне ж, і акіян.

Нас шмат палохалі, што партугальцы зусім не разумеюць ангельскай мовы. Гэта няпраўда. У рэстаранах і гатэлях паразумецца па­англійску заўсёды можна. Вось у суседняй Іспаніі сапраўды было ўражанне, што цяжка знайсці чалавека, які б мог нават палічыць па­-англійску да дзесяці.

Ну а зазывалы з рэстаранаў могуць і па-­расейску, і па-­польску з вамі паразмаўляць. Раша? Ноў! Польска? Ноў! На гэтым амаль усе завісаюць: адкуль жа прыехалі гэтыя турысты? Найбольш кемлівыя могуць згадаць Украіну.

Што есці?

Партугальская кухня — гэта калі многа мяса, рыбы і зеляніны. З супоў найчасцей прапануецца суп­-пюрэ, пры гатаванні якога не трэба асабліва замарочвацца. У кавярнях у абедзенным меню прапануюць на выбар суп ці салат, амаль заўсёды партугальцы бяруць гародніну.

Варта адзначыць адну характэрную дэталь партугальскіх кавярань і рэстаранаў. Перад асноўнай стравай вам прынясуць нейкія закускі. Гэта могуць быць аліўкі, сардзіны, хамон, нават арэшкі, свежы хлеб. У Іспаніі гэта мог бы быць падарунак ад уладальніка месца, а вось у Партугаліі давядзецца заплаціць 1—3 еўра ў дадатак да асноўнага рахунка. Гасцінец афіцыянту ў Партугаліі вітаецца, але зусім не з’яўляецца абавязковым. Найчасцей мясцовыя акругляюцца суму рахунку да бліжэйшага цэлага чысла. Калі рахунак, напрыклад, 9,45 еўра, то прынята пакідаць 10.

Рыба — неад'емная частка партугальскай кухні.

Рыба — неад'емная частка партугальскай кухні.

Безумоўна варта каштаваць рыбу. Тут яна паўсюль свежая і не надта дарагая, з чым я сутыкаўся ў Харватыі. Гэта і стэйк ласося, і дарада, і марскі акунь, і сардзіны, і васьміногі. У вельмі многіх месцах гатуецца рыба на грылі проста ў вас на вачах. У Порту немагчыма не пакаштаваць траскі, вялікую порцыю якой вам пададуць з бульбай і цыбуляй. Ядуць партугальцы і вяленую траску. Яна сушыцца дзе­нідзе ў крамах, нагадваючы нейкіх распластаных дагістарычных істот.

У Порту ёсць яшчэ адна фірмовая страва, якая называецца франсэзінья. У перакладзе азначае «маленькая францужанка». Паміж кавалкамі хлеба размяшчаюцца тонка нарэзаныя кавалкі каўбасы, сасіскі і мяса. Зверху ўсё гэта загорнута ў плаўлены сыр і падаецца ў вострым соусе. Разбежка ў цэнах часам дастаткова вялікая — ад 4 да 12 еўра. Залежыць, ці гэта будзе на турыстычнай вуліцы, ці ў месцы, куды замежнікі выбіраюцца рэдка. Варта памятаць, што гэта ніякая не закуска, а паўнавартасная страва для дарослага мужчыны.

Нельга абыходзіць бокам партугальскія сыры і хлеб. Гэта тое, чым сапраўды ганарацца мясцовыя. Раіць нешта канкрэтнае абсалютна бессэнсоўна, бо і таго, і таго сотні відаў у залежнасці ад рэгіёна.

А вось што здзівіла, што ў супермаркетах практычна не было мясцовай садавіны. Амаль уся імпартуецца з Іспаніі. Відаць, там лепшы клімат для яе вырошчвання.

А самы вядомы партугальскі дэсерт — гэта паштэйш. Гэта такія пірожаныя з заварным яечным крэмам. Упершыню вырабляць іх сталі манахі­-іераніміты ў Лісабоне яшчэ ў XVIII стагоддзі. А сёння паштэйшы ёсць у кожнай кавярні, у кожнай краме, на кожным базары. Каштуюць яны па-­рознаму: ад 1 еўра за штуку ў турыстычных месцах да 1,5 еўра за ўпакоўку з 6 штук у супермаркеце.

Што піць?

У Партугаліі дзясяткі відаў віна, кожны знойдзе сабе па смаку. Порту, даліна ракі Дору — гэта радзіма самага вядомага партугальскага алкагольнага напою партвейна. Мясцовыя тлумачылі, каб ніколі не бралі партвейн пад абед ці вячэру, бо ежай псуецца ўся духмянасць напою. Партвейн трэба піць асобна ад страў, няспешна, малымі глыткамі. Можна гледзячы на чырвоныя дахі Порту ці на плынь Дору. Ідэальны напой для гэтай краіны.

У бакалах партвейн, у бутэльцы - вінью вэрдэ.

У бакалах партвейн, у бутэльцы - вінью вэрдэ.

На поўначы (рэгіён Мінью) яшчэ вельмі папулярным з’яўляецца «зялёнае віно» (Вінью Вэрдэ). Гэта віно не захоўваецца доўга, яго звычайна ўжываюць у першы год пасля прыгатавання. Асаблівасцю зялёнага віна з’яўляецца шыпучасць, такім чынам яго нагадвае звыклае нам «Савецкае шампанскае».

Што слухаць?

З’ездзіць у Партугалію і не схадзіць на фаду — гэта злачынства. Фаду — гэта такі музычны стыль, які нарадзіўся ў Лісабоне. Кажуць, што першымі фаду сталі спяваць жонкі рыбакоў, калі іх мужы накіроўваліся ў акіян па новы улоў. Жанчына ніколі не ведала, ці вернуцца яе мужчына, ці ёй наканавана доля ўдавы. 

Фаду ў Лісабоне.

Фаду ў Лісабоне.

Не абавязкова ведаць партугальскую мову, каб адчуць увесь сум, адзіноту, каханне і жарсць выканаўцаў гэтых рамансаў, што спяваюцца пад партугальскую гітару. Трагічныя песні, як правіла, выконваюць жанчыны, апранутыя ва ўсё чорнае. Калі ж галоўнай зорцы вечара даюць адпачыць, то заспяваць можа хто хочаш — і гаспадар рэстарана, і госці. Бачыў на свае вочы, як кухарка, выцершы рукі аб засалены фартух, ішла ў залу, каб праспяваць іранічную кампазіцыю. Гэта выдатнае шоу пад вячэру.

У Лісабоне кавярняў, дзе вечарамі граюць фаду, шмат, а вось у Порту такія ўстановы яшчэ трэба пашукаць.

Вось так кожны горад беражэ свае традыцыі, сваю асаблівасць. Не тое, што ў Беларусі, дзе ўсе падурэўшы, слухаюць адну музыку і будуюць аднолькавыя дамы.

Небяспекі

Калі ў Лісабоне цямнее, то, гуляючы па вуліцах, даводзіцца адмахвацца ад надакучлівых прадаўцоў марыхуаны. Іх рэальна шмат. Як расказваюць, часта гэта нават не гандляры, а звычайныя развадзілы. Калі нехта набывае «траўку», то аднекуль збоку з’яўляецца трэці чалавек, які кажа: «Я бачыў, што ты купіў. Давай 20 еўра — і я не здам цябе паліцыі». Ёсць нават «ражаныя» паліцыянты, якія таксама спрабуюць развесці даверлівых турыстаў на грошы. Трымайцеся ад гэтых людзей далей. У Порту нічога такога няма.

Што паглядзець?

Не хочацца дубляваць шматлікія турыстычныя даведнікі, апісваючы прыгажосці Партугаліі. Таму прайдуся літаральна па некалькіх галоўных.

Мыс Рока

На мысе Рока заўсёды дзьме пранізлівы вецер. Тут сканчаецца Еўропа

На мысе Рока заўсёды дзьме пранізлівы вецер. Тут сканчаецца Еўропа

Безумоўна, наймагутнейшае ўражанне застаецца ад наведвання мыса Рока (каба да Рока) — крайняга заходняга пункта на карце Еўропы. Відовішча для медытацыі: глядзець, як хвалі б’юцца аб магутныя скалы ў гэтым месцы, разумеючы, што далей на працягу тысяч кіламетраў толькі вада, а за вадой — ужо Амерыка. У такія хвіліны пачынаеш захапляцца тымі самымі партугальскімі мараплаўцамі, якія адпраўляліся ў незнаёмыя далі на свой страх.

На мысе Рока абавязкова трэба мець з сабой цёплую вопратку. Нават калі навокал тэмпература будзе каля 30 градусаў цяпла, то халодныя акіянічныя вятры ўсё роўна будуць прадзімаць вас наскрозь. А яшчэ кажуць, што тут фантастычныя захады сонца. На жаль, убачыць не давялося.

Сінтра

За 25 кіламетраў ад Лісабона знаходзіцца старажытная партугальская сталіца Сінтра. Менавіта праз яе трэба дабірацца да мыса Рока. Можна сказаць, што гэта своеасаблівае курортнае мястэчка, дзе любілі жыць партугальскія каралі, захавалася іх рэзідэнцыя, так званы Вясковы палац. Але найбольш турыстаў у Сінтры прывабліваюць два «палацы ў аблоках», якія знаходзяцца высока ў гарах. Крэпасць маўраў (не трэба забывацца, што некалі Партугалія была пад арабскім панаваннем) сёння напаўразбураная, хаця наплыў турыстаў ад гэтага там не меншае.

Від з маўрытанскай крэпасці.

Від з маўрытанскай крэпасці.

А вось палац Пена, які паўстаў у сярэдзіне XIX стагоддзя на базе невялікага манастыра, вельмі радуе наведвальнікаў. Варта адзначыць, што з абодвух збудаванняў адкрываюцца фантастычныя віды на наваколле. Хаця дзеля справядлівасці трэба адзначыць, турыстаў дзяруць як тую ліпку. Напрыклад, аўтобус ад Сінтры да палацаў каштуе проста шалёныя 5 еўра. Атрымліваецца, што з Лісабона да Сінтры танней даехаць. Але пехам увышкі ісці адважваюцца толькі адзінкі.

Лісабон і дзень бясплатных музеяў

У Лісабоне кожны знойдзе сабе занятак да густу. Спынюся на адной асаблівасці. Кожную нядзелю да 14:00 уваход ва ўсе музеі горада бясплатны. Многія з іх кампактна сканцэнтраваныя ў раёне Белен, што крыху ўбок ад цэнтра. Калі пашанцуе, то можна заспець змену варты ў каралеўскім палацы. Караля ў Партугаліі даўно няма, а варта засталася. Даволі маляўнічае відовішча.

У раёне Белен знаходзяцца славутая вежа і манастыр іеранімітаў — сімвалы горада. Тут жа знаходзіцца дастаткова эксклюзіўны музей карэт. Якіх прыбамбасаў толькі не выдумлялі стагоддзі таму для найлепшых карэт Партугаліі!

Тут жа марскі музей, які не дае забыцца пра вялікае мінулае гэтай краіны. Цяжка паверыць, але некалі менавіта Партугалія была сярод сусветных лідараў. Гэтая краіна вырашала лёсы мільёнаў людзей. У 1494 годзе Партугалія і Каралеўства Кастылія і Арагон (Іспанія) падзялілі свет на зоны ўплыву Тардэсільяскай дамовай. Гэтак Партугаліі дасталася Бразілія — вялізная краіна, якая размаўляе па­-партугальску. А яшчэ яны атрымлівалі права на збор спецый на выспах сённяшняй Інданезіі. А ў тыя гады хто валодаў спецыямі, той валодаў светам. Мускатны арэх і гваздзік часта ішлі па цане золата.

Лісабон — гэта горад узгоркаў. Найпрасцей па ім перасоўвацца на трамваях.

Лісабон — гэта горад узгоркаў. Найпрасцей па ім перасоўвацца на трамваях.

Яшчэ да сярэдзіны XX стагоддзя Партугалія заставалася вялізнай каланіяльнай дзяржавай. У падпарадкаванні Лісабона знаходзіліся Ангола і Мазамбік у Афрыцы, Макаа і Гоа — у Азіі. Партугальскія свет аграмадны і шматгранны. Партугальская мова з’яўляецца роднай для 220 мільёнаў жыхароў планеты! Гэта пры тым, што ў самой Партугаліі 10,5 мільёна — крыху болей, чым у Беларусі. Яшчэ 20 гадоў назад у Беларусі жыло больш людзей, чым у Партугаліі, але сёння ў Беларусі жыве ўжо на мільён менш, чым там.

З многіх лісабонскіх кватэраў лунаюць ангольскія сцягі, у вялікіх гарадах ёсць традыцыйныя рэстараны былых калоній.

У ХХ стагоддзі Партугалія перажыла правую дыктатуру Антоніу Салазара і Марсэлу Каэтану. Партугалія захавала нейтралітэт у час Другой сусветнай вайны, а ў 1949 уступіла ў НАТА. Але час дыктатуры стаў перыядам застою, калі Партугалія ператварылася ў адну з найбяднейшых краін Старога Свету. Калі ў пачатку 1970-­х узбунтаваліся афрыканскія калоніі, то гэта яшчэ пагоршыла дабрабыт у краіне. 25 красавіка 1974 года так званы «Рух капітанаў» ладзіць бяскроўны вайсковы пераварот, які займее назву «Рэвалюцыя гваздзікоў». У 1976­-м краіна пераходзіць да дэмакратыі.

Левыя ідэі ў Партугаліі папулярныя як мала дзе ў Заходняй Еўропе. Камуністычная партыя Партугаліі стабільна атрымлівае месцы ў парламенце. Часта можна сустрэць моладзь з томікамі Маркса і Леніна, графіці з сярпом і молатам. У падпольную — яшчэ за дыктатурай — Камуністычную партыю ўваходзіў адзіны партугальскі лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры Жазэ Сарамага. Напрыканцы жыцця ён усё яшчэ называў сябе «лібертарным камуністам».

Плакат з заклікам галасаваць за камуністычную партыю Партугаліі.

Плакат з заклікам галасаваць за камуністычную партыю Партугаліі.

Але і правыя ідэі па­ранейшаму папулярныя. Напрыклад, Антоніу Салазар перамог у тэлевізійным ток­-шоу «Вялікі партугалец». Ён перагнаў Генрыха Мараплаўца і заснавальніка Партугаліі, энергічнага караля Афонсу І. Мабыць, некалі праз шмат гадоў у падобных праграмах шанцы на перамогу будзе мець і Лукашэнка.

Гімарайнш

Спадчына Салазара і Афонсу І сустракаецца ў невялікім партугальскім горадзе Гімарайнш на поўначы краіны. Гістарычны цэнтр гэтага гарадка занесены ў спіс спадчыны ЮНЕСКА. Мясцовыя сцвярджаюць, што «тут нарадзілася Партугалія». Справа ў тым, што менавіта ў Гімарайншы ў XII стагоддзі была абвешчаная незалежнасць Партугаліі. Фантастыка, але тут захавалася царква Саў­-Мігель ду Каштэлу, дзе хрысцілі Афонсу І. Зусім побач ад яе знаходзіцца палац герцагаў Браганса. Гэты масіўны будынак пад сваю рэзідэнцыю выкарыстоўваў Салазар.

Тая самая царква, дзе хрысцілі караля Афонсу.

Тая самая царква, дзе хрысцілі караля Афонсу.

Сам Гімарайнш — гэта сапраўдная партугальская пярліна. Сярэднявечны горад з вузкімі вуліцамі, цэрквамі, адкрытымі кавярнямі, дзе забаўныя дзядулі сядзяць пад вінью вэрдэ. Гэткая тыповая Партугалія. Вельмі душэўнае места.

Порту

Мост аўтарства Густава Эйфеля — галоўная славутасць Порту.

Мост аўтарства Густава Эйфеля — галоўная славутасць Порту.

У Порту падчас бадзянняў пад вуліцах старога горада, прыгажосць якога не здольны перадаць ніводны фотаапарат, прагулак па мосце Густава Эйфеля, з якога адкрываецца цудоўны від на самы старажытны квартал горада Рыбейру, не забудзьцеся таксама зайсці ў кнігарню Livraria Lello. Яе па праву называюць найпрыгажэйшым кніжным магазінам у свеце. Каб крыху адбіцца ад ахвотных туды трапіць, пачалі нават прадаваць білеты — 3 еўра за ўваход. Калі надумаеце набыць кнігу, то гэтыя грошы будуць вылічаныя з цаны кнігі.

Менавіта ў Порту сваю першую кнігу «Гары Потэр і філасофскі камень» пачала пісаць Джаан Роўлінг, калі жыла ў гэтым гора­дзе і выкладала англійскую мову. І гэта лёгка адчуць. Менавіта Livraria Lello стала правобразам бібліятэкі Хогвартса. Ну а форма Школы Вядзьмарства і Чараўніцтва — гэта ж адзін у адзін форма партугальскіх студэнтаў, якія ходзяць у доўгіх чорных мантыях паверх афіцыйных касцюмаў. І апранаюцца падобным чынам сапраўды ўсе. Вось так партугальскія традыцыі Роўлінг па­майстэрску перанесла ў свет Гары Потэра. І гэта невыпадкова — Партугалія натхняе.

Партугальскія студэнты ходзяць на вучобу ў форме,як у Гары Потэра.

Партугальскія студэнты ходзяць на вучобу ў форме,як у Гары Потэра.

***

Партугалія

краіна на захадзе Еўропы (каля Іспаніі).

Яе плошча — 92 тыс. кв км (Беларусь удвая большая — 207 тыс.).

Яе насельніцтва — 10,5 млн жыхароў (у Беларусі 9,5 млн).

Яе палітычны лад — дэмакратыя (у Беларусі дыктатура).

Яе цывілізацыйны выбар — Еўрасаюз (у Беларусі Еўразійскі саюз).

Яе дабрабыт — ВУП на душу насельніцтва ў Партугаліі ў 3 разы вышэйшы, чым у Беларусі. Пералічаны па парытэце купчай здольнасці — у 1,5 раза вышэйшы, чым у Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0