Дзяўчына, што прыйшла на маё месца ў школу, атрымала заробак 130 тысяч рублёў. 80 тысяч трэба аддаць на праязны да вёскі — яна жыве ў горадзе. Круціся як хочаш. І гэта трэба ўставаць а пятай раніцы, вяртацца дадому а шостай вечара. А яшчэ рыхтавацца да заўтрашніх урокаў і паспрабаваць адпачыць. Назаўтра ж у школе ізноў будуць капаць на мазгі, што кепска вядзецца справа па заахвочваньні дзяцей да ўступленьня ў БРСМ і зусім не арганізоўваюцца сьвяточныя мерапрыемствы.

І гэта ўсё адбываецца ў той час, калі кожны эўрапеец марыць жыць, як у Беларусі. Прынамсі, пра тое гавораць на родным TV.

Рэдактар газэты дае заданьне напісаць пра людзей, што адмаўляюцца плаціць за кватэру. Натуральна, ёсьць і такія, хто адмаўляецца плаціць праз прыроднае нахабства, яны жывуць у шыкоўных кватэрах, езьдзяць на навюткіх машынах, маюць свой бізнэс, але прынцыпы не дазваляюць разьлічвацца зь дзяржавай. Нехта ня плаціць праз алькагалізм. Але пераважная большасьць не плаціць з банальнай прычыны — няма чым. Насельніцтва апынулася за мяжой галечы.

Адна дзяўчына, з заробку якой рашэньнем суду вылічваецца 40% у кошт аплаты кватэры, эмацыйна пытаецца ў мяне: «Як вы думаеце, ці можна пражыць за 67 тысяч у месяц?» Такія заробкі на цяплічным камбінаце.

Аднаклясьніца сястры працуе прадавачкай у барысаўскім «Доме гандлю». Даводзіцца цэлы дзень стаяць на нагах за прылаўкам. Узнагароджаньне ў канцы месяца складае 120 тысяч. Навошта ж тады тэлевізійная хлусьня, калі такія заробкі паўсюль?

Пачаліся першыя маразы. Гандляркі вулічных намётаў усё стараньней закутваюцца ў зімнюю вопратку, спрабуючы сагрэцца цыгарэтамі і кавай. Маладзейшая гады на два гандлярка кліча: «Пацан, закурить нет?» Яна мае на тое права, бо нягледзячы на ўзрост, нашмат болей зьведала за мяне ў жыцьці. Я ніякавата цісну плячыма: «Не палю…» І чамусьці на душы становіцца не камфортна ад разуменьня таго, што ня змог хоць неяк дапамагчы дзяўчыне. Дома ёй давядзецца вырашаць куды больш значную дылему: як пражыць цэлы месяц на 50 даляраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?