Пачаў працу інтэрнет‑сайт «Даведнiкi пiсьменнiка, гiсторыка, энцыклапедыста Леанiда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi» — marakou.by.

У інтэрв’ю БелаПАН Л.Маракоў адзначыў, што на сайце размешчаны падрыхтаваныя ім «даведнікі з біяграфіямі нашых продкаў — пакутнікаў, расcтраляных або закатаваных у турмах НКВД, і тых нямногіх, што пакалечанымі вырваліся з ленінска‑сталінскіх канцлагераў». Гэта больш за 4 тыс. біяграфій настаўнікаў, 3 тыс. — каталіцкіх і праваслаўных святароў, 1,5 тыс. — медыцынскіх і ветэрынарных работнікаў, звыш 1 тыс. — літаратараў і навукоўцаў, а таксама біяграфіі многіх тысяч іншых дзеячаў культуры, грамадства і эканомікі Беларусі.

«У бліжэйшыя часы планую пазнаёміць наведвальнікаў сайта з біяграфіямі 20 тыс. рэпрэсаваных беларускіх інтэлігентаў — фактычна ўсёй інтэлектуальнай элітай крывавых 1920—1950‑х гадоў», — сказаў Л.Маракоў. Паводле яго слоў, сайт захоўвае «памяць пра нашых продкаў, якая з\’яўляецца падмуркам для абароны будучыні Беларусі, яе свабоды і незалежнасці».

Як распавёў пісьменнік, з цягам часу на сайце будзе гучаць знакаміты паланэз Міхала Клеафаса Агінскага «Развітанне з Радзімай». Акрамя таго, праз месяц матэрыялы сайта будуць даступнымі у пошукавай інтэрнет‑сістэме «Google».

На сайце змешчаны наступныя раздзелы: «Пра пiсьменнiка», «Бібліяграфія», «Даведнікі», «Прэса», «Рэцэнзii», «Гасцявая кнiга» і «Пошта».

Марат Гаравы, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0