Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 7 студзеня на калядным богаслужэнні ў Свята-Духавым кафедральным саборы Мінска.

Кіраўнік дзяржавы, віншуючы ўсіх прысутных, увесь беларускі народ са святам Раства сказаў, што заўсёды складана прамаўляць у храме.

«Складана таму, што не толькі тыя, хто тут прысутнічае, але і тыя, хто пачуе мяне ў гэтае свята, заўсёды асаблівую ўвагу звяртаюць на акцэнты, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Напэўна, не месца сёння для будзённых размоваў, але тым не менш скажу пра тое, што тычыцца нашай краіны».

«Я рызыкнуў нядаўна, у канцы мінулага года, сказаць, што наступны год не будзе лягчэйшы, чым мінулы, — прадоўжыў Лукашэнка. — Вы бачыце, што адбываецца вакол нашай краіны. Многія людзі ў нас у грамадстве кажуць, па-беларуску: «добра, перажывем, абы не было вайны».

Як лічыць Аляксандр Лукашэнка, у гэтых словах ёсць вялікі сэнс. «Я не прытрымліваюся гэтага лозунгу. Жыць трэба заўсёды. І мы будзем заўсёды жыць годна і нармальна. Але ў гэтым ёсць глыбокі сэнс, — лічыць кіраўнік дзяржавы. — І мы ў гэтым пераканаліся на прыкладзе нашых суседзяў: калі вайна, тады не хочацца нічога. Толькі міру. Толькі б захаваць жыццё. І людзі думаюць нават не пра сябе. Людзі думаюць пра сваіх дзяцей.

Таму першы наш зварот да Госпада, каб ён сапраўды нас абараніў і захаваў нашу краіну такой, якой яна ёсць цяпер. Большага мы проста не смеем прасіць сёння. Бо ўсё астатняе залежыць ад нас». Бо калі будзе мір, то чалавек зможа зрабіць усё.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў: «Нам трэба спадзявацца толькі на сябе, кожны чалавек павінен разлічваць толькі на сябе. А ўсё, што зможа дзяржава, гэта я вам абяцаю, яна зробіць для народа. Але гэта будзе ўжо ў плюс да таго, што вы зможаце зрабіць самі для сябе, для сваіх сем'яў і дзяцей».

«Я, наколькі гэта магчыма, дэманстраваў палітыку, якую мы будзем праводзіць у бліжэйшы час, — сказаў ён. — І сутнасцю гэтай палітыкі стануць дзеці і старыя. Думаю, не трэба вам тлумачыць — чаму. Старыя — гэта тая частка нашага насельніцтва, якая стварыла нам тое, што мы сёння маем. А маем нямала, і гэта іх працай створана. Па-другое, гэта людзі нямоглыя, хай яны нават не хворыя, а здаровыя, але яны ўжо не могуць тое, што маглі рабіць у мінулым. У сілу іншых прычын яны маюць патрэбу ў падтрымцы».

Аляксандр Лукашэнка таксама заўважыў: «Маладымі мы ўжо не будзем ніколі, мы абавязкова будзем старымі. Як мы ставімся да старэйшага пакалення, так і да нас будуць ставіцца нашыя дзеці. Таму мы павінны дэманстраваць добрыя адносіны да нашых старых».

Што тычыцца дзяцей, Аляксандр Лукашэнка адзначыў — гэта будучыня.

«І мы для іх павінны зрабіць тое, што павінны. Мы не павінны іх залішне аберагаць, апекаваць, — лічыць кіраўнік дзяржавы. - Яны ў нас мудрыя сёння. У іх ёсць магчымасць ва ўсім разабрацца, прытым правільна разабрацца. Трэба толькі дапамагчы накіраваць іх па правільнай дарозе, па якой яны павінны пайсці».

Аляксандр Лукашэнка сказаў, што вось гэта і ёсць сутнасць далейшай сацыяльнай палітыкі, якая будзе праводзіцца ў краіне.

«Мы будзем рабіць усё, каб нашы дзеці раслі не толькі здаровымі, але і адукаванымі. Мы будзем рабіць усё, каб абараніць чалавека, зрабіць яго жыццё як мага больш доўгім. Дарэчы, мы і так нямала зрабілі за 10 апошніх гадоў, у нас сярэдняя працягласць жыцця вырасла на 5 гадоў. Ніводная дзяржава ў свеце не дэманстравала такога павелічэння працягласці жыцця. Таму мы будзем рабіць усё для здароўя, адукацыі людзей, для таго, каб чалавек сам потым мог сябе забяспечыць. Бо хворы і неадукаваны чалавек ніколі не забяспечыць не толькі сябе, але і сваю сям'ю», — адзначыў Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?