Прэзідэнт ЗША Барак Абама падчас тэлевізійных дэбатаў раскрытыкаваў Нацыянальную стралковую асацыяцыю ЗША (НСА) — адно з самых уплывовых зброевых лобі краіны.

Абама заявіў, што «канспіралогія», якую распаўсюджвае НСА, перашкаджае ўладам змагацца з ростам гвалту, выкліканым выкарыстаннем зброі. Асацыяцыя, па словах Абамы, абвінавачвае федэральны ўрад і яго самога ў тым, што яны нібыта хочуць канфіскаваць усю зброю, што дасць магчымасць увесці ваеннае становішча ў краіне.

Абама растлумачыў, што падтрымлівае канстытуцыйнае права на валоданне зброяй, аднак яго распаўсюджванне павінна быць абмежавана, каб стрымаць рост гвалту ў краіне. Ён прывёў у прыклад рамяні бяспекі ў аўтамабілях або лекі з абаронай ад дзяцей - гэта толькі спробы зрабіць дазволеныя прадукты больш бяспечнымі.

Па словах Абамы, члены НСА не хочуць ісці з ім на дыялог, хоць ён неаднаразова яго прапаноўваў.

Дэбаты, арганізаваныя тэлеканалам Сі-эн-эн, прайшлі ва Універсітэце Джорджа Мэйсана ў Віргініі. Нацыянальная стралковая асацыяцыю у дэбатах не ўдзельнічала. Яе прадстаўнікі заявілі, што ў падобных спрэчках няма сэнсу, і назвалі дэбаты піяр-акцыяй Белага дома.

Барак Абама дамагаецца ўвесці заканадаўчыя абмежаванні на продаж зброі ў ЗША на працягу амаль усіх двух сваіх тэрмінаў на пасадзе прэзідэнта. Напрыклад, ён прапаноўвае ўзмацніць праверкі асобы перад выдачай чалавеку ліцэнзіі на набыццё зброі. Гэтыя меры не падтрымлівае кангрэс, супраць іх выступае Рэспубліканская партыя, многія прыхільнікі якой — асабліва жыхары паўднёвых штатаў, — традыцыйна адстойваюць права на валоданне зброяй.

На гэтым тыдні Абама прапанаваў новы план, які прадугледжваў узмацненне патрабаванняў і праверак гандляроў зброяй. Гэтае пытанне не патрабуе галасавання ў кангрэсе.

Пытанне пра абмежаванні на продаж зброі становіцца адным з ключавых у выбарчай кампаніі ў ЗША. Дэмакраты падтрымліваюць пазіцыю Абамы, а рэспубліканцы выступаюць супраць.

Дональд Трамп, адзін з галоўных прэтэндэнтаў на вылучэнне кандыдатам ад Рэспубліканскай партыі, у дзень выступу Абамы паабяцаў адмяніць у школах зоны, свабодныя ад зброі, калі ён стане прэзідэнтам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?