Каманда прэзідэнта РБ чарговы раз стала пераможцам Каляднага турніру, у фінале атрымаўшы валявую перамогу над фінамі. Але усялякіх сіл і рэсурсаў для гэтага прыйшлося прыкласці нават болей, чым звычайна. Разважанні пра гэта — у менш аптымістычным запісе аб турніры, чым папярэдні.

Аматары айчыннага хакея, у мяне для вас дрэнныя навіны.

Учора быў канчаткова развеяны апошні хакейны міф: нашы ветэраны — самыя ветэраністыя ў свеце, і ніякія ветэраны іх не пераветэраняць… (далей па тэксце).

Каманда прэзідэнта правяла на 12-м Калядным турніры чатыры матчы. Закінула 26 шайбаў. 9 з іх правялі дзеючыя і, мякка кажучы, не самыя апошнія ў ЧБ хакеісты — Андрэй Глебаў, Вячаслаў Лісічкін, Алег Шафарэнка, Даніэль Корса (пра апошнія два прозвішчы ў ростэры ўжо наабмяркоўваліся — і без гэтага матэрыялу хопіць).

9 — не так і шмат? Падымем пратаколы матчаў. І высветлім, што ў двух ключавых гульнях (са Славакіяй ў групе і Фінляндыяй у фінале) закідвалі выключна вышэйзгаданыя гульцы. Ветэранам і аматарам была пакінутая Швейцарыя (часткова) і ААЭ: у апошнім групавым матчы з пералічаных гуляў толькі Глебаў. Гэта значыць, фінаў перамагалі мала што дзейсныя, дык яшчэ і адзін дзень адпачылыя прафесіяналы. «Мы ж тут не паказухай займаемся, а працуем» (с)

І нават пры такім раскладзе — усяго 2:1 у фінале. І нават пры такім раскладзе прыйшлося адыгрывацца (як і са славакамі). І колькасць штрафных хвілін таксама красамоўная: 2 на 10 са Славакіяй, 6 на 20 з Фінляндыяй. Гэта прытым, што ветэраны самі па сабе гуляюць у хакей значна мякчэйшы, чым профі, і 20 хвілін за матч — гэта проста нонсэнс.

Асабліва скрупулёзныя могуць сказаць, што і славакі гэтым разам сабралі нармальную банду, прычым таксама з дзеючымі хакеістамі. Так, пару чалавек сапраўды было.

Напрыклад, найлепшы бамбардзір каманды і ўсяго турніру Марэк Урам, настраляў аж 22 ачкі ў чатырох матчах, ён рэгулярна выходзіць на лёд. Але, па-першае, ён гуляе ў другім славацкім дывізіёне, а не ў Лізе чэмпіёнаў, а па-другое — яму 41 год, а не 35. Шатану таксама 41, а трэцяму бамбардзіру славакаў Янашу — і зусім 45.

Паглядзім на найлепшых гульцоў каманды Фінляндыі. Капітан Тоні Мякіаха — 40 гадоў, кар'еру гульца завяршыў у 2013 годзе. Акі Уусікартана - 38 гадоў, не гуляе з 2014. Яры Карханен - 40, прычым апошні праф.сезон - 2005/06. Міка Пелтола - 46 (!), Канькі на цвік павесіў ў 2009 годзе.

Гэта значыць што атрымліваецца? Варта было фінам і славакам сабраць больш-менш сур'ёзныя ветэранскія зборныя, як беларусам іх ужо і не абыграць па ўсіх правілах? Ды і «не па ўсіх» ледзь-ледзь атрымоўваецца.

Падобна на тое, калі б у ветэранаў быў свой чэмпіянат свету, з усімі дывізіёнамі ды інш., то боўталася б наша зборная там, як цяперашняя маладзёжка — паміж дывізіёнамі, гуляючы на роўных максімум са швейцарцамі і немцамі.

Прадказальна, але ўсё роўна неяк сумна. Дзе вы, калядныя казкі?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?