Сэнсацыі не адбылося, «Юнацтва» так і не змагло пераламаць хаду фінальнай сэрыі чэмпіянату Беларусі па хакеі. «Керамін» атрымаў перамогі ва ўсіх чатырох матчах фіналу.

Што праўда, у чацьвер «Юнацтва» мела рэальны шанец зачапіць хоць адну гульню. Некаторыя таксама меркавалі, што і «Керамін» захоча аформіць чэмпіёнства на хатняй пляцоўцы на вуліцы Прытыцкага. Але ўсё скончылася празаічна. Каманда Міхаіла Захарава намаганьнямі Аляксея Ўгарава адкрыла лік, але Максім Слыш перавёў матч у овэртайм — 1:1. Там чарговы раз у гэтым сэзоне ўдача ўсьміхнулася «драконам». «Залатую шайбу» першынства 2007/2008 забіў Аляксей Плотнікаў. У выніку 2:1 у гульні і 4:0 у сэрыі.

Летась «Керамін» з такім самым лікам у фінале прайграў менскаму «Дынама». Чэмпіёнства «Кераміну» выглядае абсалютна лягічным. Каманда на адным дыханьні прайшла ўсё рэгулярнае першынства, а таксама не прайграла ніводнай гульні ў плэй‑оф. Гэта першы посьпех маладога трэнэра Андрэя Гусава. Што да «Кераміну», то каманда ў другі раз у гісторыі выйграла чэмпіянат, першы выпадак быў зафіксаваны ў 2002 годзе.

Чэмпіянат скончаны, але частка хакеістаў яшчэ ня ідзе ў адпачынак. У пачатку траўня ў канадзкіх гарадах Квэбэк і Галіфакс стартуе чэмпіянат сьвету, дзе згуляюць і беларусы.

Зьміцер Панкавец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0