У Віцебску цяпер можна пакаштаваць стравы беларускай кухні. Кавярня, дзе прапануюць нацыянальныя прысмакі, адкрылася 3 красавіка ў адным з самых маляўнічых куточкаў гораду — Цэнтры народных рамёстваў і мастацтваў «Задзьвіньне» на вуліцы Чайкоўскага, 3 .

Як распавяла дырэктарка цэнтру «Задзьвіньне» Зоя Гаршкова, у новай кавярні можна паспрабаваць стравы, зробленыя па старажытных рэцэптах нашых продкаў, у тым ліку стравы, якія гатавалі некалі гаспадыні Віцебшчыны. Аднак, па жаданьні наведвальніка, яму могуць прапанаваць і стравы эўрапейскай кухні.

Некалькі будынкаў, якія цяпер належаць Цэнтру народных рамёстваў і мастацтваў «Задзьвіньне», адносяцца да помніку архітэктуры канца XVIII стагодзьдзя «Саляныя склады». Беларуская кавярня адкрылася тут пасьля завяршэньня другой чаргі рэканструкцыі гэтага аб’екта. Апроч таго, у «Задзьвіньні» зьявілася яшчэ адна сучасная выставачная заля.

І яшчэ. Напэўна, мала хто зь віцебскіх жаніхоў і нявест ведае, што ў «Задзьвіньні» аказваюць арыгінальную паслугу — вясельле па старажытным беларускім абрадзе.

Паводле: Яня Ільіна, «Народныя навіны Віцебска»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0