2016 год абяцае быць годам нізкіх цэн на нафту. У канцы 2015 года марка Brent каштавала каля $38 за бараль, і па меркаванні абсалютнай большасці тых, хто мае дачыненне да аналізу рынка нафты, яна, найбольш імаверна, будзе яшчэ таннейшай у 2016. Нагадаю, што год таму бараль гэтай маркі каштаваў каля $60, а два гады таму, у снежні 2013 года — каля $110. Ёсць усе падставы сцвярджаць, што гэта, у адрозненне ад часоў глабальнай рэцэсіі 2008—2010 гадоў, доўгатэрміновая тэндэнцыя, падобная да зніжэння нафтавых цэн у 1980-х.

Ёсць некалькі прычын такой тэндэнцыі. Адна з галоўных — сланцавая рэвалюцыя ў нафтаздабычы ЗША. Нягледзячы на скептычныя заявы расійскіх аналітыкаў — сяброў «Газпрома», яна адбылася. ЗША пераўтвараюцца з найбуйнейшага імпарцёра сырой нафты ў аднаго з чыстых экспарцёраў. Гэта не магло не адбіцца на цэнах. Да таго ж, дзяржавы OPEC не знізілі аб’ём нафтаздабычы, а Расія значна павялічыла яго, каб неяк часткова кампенсаваць страты. Акрамя таго, вельмі паспяхова развіваецца альтэрнатыўная энергетыка, а Tesla становіцца сімвалам рэвалюцыйных змен у вытворчасці аўтамабіляў.

Дарэчы, цане на нафту яшчэ ёсць куды зніжацца. Сабекошт яе здабычы ў Саудаўскай Аравіі — $4—5, на існуючых радовішчах Расіі — $5—7, на новых — $15—17 за бараль. Нават сабекошт здабычы сланцавай нафты ў ЗША цяпер на самых лёгкіх для выкарыстання радовішчах — каля $20, нафты Мексіканскага заліву – каля $25 барэль. Такім чынам, цана на нафту можа знізіцца, калі не будзе моцных супрацьдзейных фактараў, да дыяпазону $25—30 за бараль.

Якія плюсы і мінусы такой тэндэнцыі для Беларусі? Спачатку — пра мінусы.

Яны тычацца перш за ўсё кароткатэрміновага перыяду. Як вядома, значная частка даходаў Беларусі ад гандлю з краінамі Еўрапейскага Саюза — гэта даходы ад продажу нафтапрадуктаў, вырабленых з расійскай нафты. Цэны на іх таксама зніжаюцца. Зніжаецца і маржа, якая дастаецца Беларусі. Акрамя таго, Беларусь прадае за мяжу ўсю нафту, якая здабываецца на яе тэрыторыі, а гэта каля 1,5 млн тон.

Паводле папярэдняй дамоўленасці, Расія збіраецца прадаць Беларусі ў 2016 годзе каля 24 млн тон нафты (ў 2015 годзе аб’ём склаў каля 23 млн тон). Такім чынам, істотна кампенсаваць страты ад зніжэння цэн не ўдасца. Адсюль — непазбежнае ўзрастанне праблемы з гандлёвым балансам Беларусі ў 2016 годзе, праблемы з напаўненнем бюджэту. Бюджэт, дарэчы, чамусьці разлічваюць услед за расійскімі аптымістамі-аналітыкамі з улікам цаны на нафту Brent $50. Гэта можа значна замарудзіць працэс неабходнага аднаўлення вытворчай і сацыяльнай інфраструктуры краіны, які, пры ўсіх праблемах, пакуль што ідзе.

Але, на наш погляд, плюсы гэтага становішча ўсё ж пераважваюць. У кароткатэрміновым плане — не павінны расці цэны на нафтапрадукты для ўнутранага спажывання. З улікам беларускай спецыфікі цэнаўтварэння гэта азначае іх фактычнае зніжэнне.

У доўгатэрміновым плане — перасыханне патоку нафтавай рэнты непазбежна падштурхне беларускія ўлады рабіць штосьці ў эканоміцы, якая знаходзіцца «ў ломцы» без нафтавай іглы. Нягледзячы на заявы, што нічога мяняць не трэба, праз некалькі месяцаў ці год устане пытанне эканамічнага выжывання, і мяняць прыйдзецца, у прыватнасці ў напрамку рэальнай знешнеэканамічнай мнагавектарнасці. Беларусі прыйдзецца спрыяць развіццю вытворчасцей з высокай дабаўленай вартасцю, падтрымліваць пошук новых паслуг і вытворчасцяў прыватным бізнэсам. Яшчэ адзін, на наш погляд, велізарны плюс: з кожным цэнтам зніжэння міравой цаны на нафту зніжаюцца магчымасці ўплыву Расіі на справы ў Беларусі, што дадае вагі нашай сапраўднай незалежнасці.

Калі нізкія цэны на нафту пратрымаюцца яшчэ некалькі гадоў, што вельмі імаверна, Расіі ўжо будзе не да Беларусі. Там пачнуцца працэсы, падобныя тым, якія пачаліся ў СССР у 1980-я. Тады, акрамя зніжэння міравых цэн на нафту, былі Афганістан і Алімпіяда-80. У сучаснай Расіі акрамя таннай нафты — дзве вайны і алімпіяда з чэмпіянатам свету па футболе. Гэта ўсё адначасова павялічвае рызыкі і небяспекі ваеннага і палітычнага кшталту для Беларусі, але гэта ўжо тэма іншай размовы.

Такім чынам, 2016 год для Беларусі будзе складаным, але ў той самы час у нас ёсць падставы для доўгатэрміновага аптымізму. Усялякі крызіс — гэта перш за ўсё пошук новых шляхоў і магчымасцей. Так ці інакш, ў той ці іншай ступені рэформы будуць. Добра было б, каб яны пачаліся ўжо сёння, каб не губляць каштоўны час. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?