10 студзеня каля 20.30 гадзін ў Фрунзенскае РУУС Мінска паступіла паведамленне ад жыхара дома №64 па праспекце Пушкіна, што яго сусед пагражае падарваць дом. Пасля сваркі з суседзямі, мужчына прадэманстраваў самаробную прыладу, падобную на выбуховую, і выказаў намер прывесці яе ў дзеянне, паведамляе прэс-служба мінскай міліцыі.

На месца здарэння накіраваўся бліжэйшы нарад міліцыі, які і затрымаў падазраванага. Жыхары суседніх кватэр былі эвакуяваныя. Сапёрна-піратэхнічнай групай меркаванае выбуховае прыстасаванне было абясшкоджана.

Падчас агляду месца здарэння следча-аператыўнай групай канфіскаваныя пісталет і стрэльба для падводнага палявання, 200 г пораху, шэсць мяшочкаў са шротам, каля 200 спартыўна-паляўнічых патронаў калібру 5,6 мм і больш за 130 капсуляў.

Згодна з медыцынскім аглядам, затрыманы знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення.

Высветлілася, што 62-гадовы мінчанін нідзе не працуе, пражывае адзін. Раней з'яўляўся паляўнічым, аднак некалькі гадоў таму тэрмін дзеяння адпаведнай ліцэнзіі мінуў.

Па заключэнні спецыялістаў Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, выяўленыя патроны з'яўляюцца боепрыпасамі да агнястрэльнай зброі.

Заведзена крымінальная справа, яму пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?