У Беларусі адмененае рэгуляванне цэн на шэраг харчовых тавараў і паслуг. Гэта прадугледжана пастановай Савета міністраў ад 11 студзеня 2016 года № 8 «з мэтай далейшага зніжэння адміністрацыйнага рэгулявання ў сферы цэнаўтварэння», паведамляе прэс-служба ўрада.

Новым дакументам уносяцца змены ў пастанову ад 17 студзеня 2014 года № 35 і ў пералік сацыяльна значных тавараў (паслуг), цэны (тарыфы) на якія рэгулююцца дзяржаўнымі органамі.

«З улікам прадстаўленага шырокага асартыменту прадукцыі рознага цэнавага сегмента на рынку і канкурэнцыі сярод вытворцаў цяпер адсутнічае неабходнасць у цэнавым рэгуляванні шэрагу харчовых тавараў (хлеб, мяса, яйка курынае, малочныя прадукты, дзіцячае харчаванне) на пастаяннай аснове», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.

«Рэгуляванне цэн на названыя харчовыя тавары будзе ажыццяўляцца пры неабходнасці з мэтай выключэння значнага росту цэн пры ажыццяўленні аналізу сітуацыі на харчовым рынку і на часовы тэрмін — але не больш за 90 дзён на працягу аднаго года», — паведамілі ў прэс-службе.

Таксама пастановай выключаецца рэгуляванне тарыфаў на шэраг паслуг, да прыкладу на прафілактычныя і абавязковыя медыцынскія агляды грамадзян. Гэта звязана з тым, што «плату за іх праходжанне ў асноўным ажыццяўляюць суб'екты гаспадарання», растлумачылі ў прэс-службе.

Не будуць рэгулявацца таксама тарыфы на «прадастаўленне мясцовых тэлефонных злучэнняў карыстальнікам сеткі стацыянарнай электрасувязі з выкарыстаннем таксафона, што таксама ў цяперашні час страціла актуальнасць», заявілі ў прэс-службе.

Пастанова набудзе моц пасля яе афіцыйнага апублікавання.

Пастановай ад 17 студзеня 2014 года № 35 былі зацверджаныя пералікі сацыяльна значных тавараў і паслуг. Колькасць сацыяльна значных тавараў, цэны на якія рэгулююцца Міністэрствам эканомікі, год таму была паменшаная. У пераліку пакінулі «важнейшыя харчовыя тавары першай неабходнасці»: недарагія віды хлеба без дабавак і няздобныя булачныя вырабы; мяса (ялавічына, свініна); курынае мяса і курыныя яйкі; пастэрызаванае малако і кефір, смятана, тварог; сухія сумесі, кашы, кансервы і сокі для дзіцячага харчавання; паслугі аздараўленчых лагераў.

Аблвыканкамы і Мінскі гарвыканкам згодна з пастановай № 35 рэгулявалі цэны на свежую гародніну (бульбу, капусту, буракі, моркву, цыбулю рэпчатую, агуркі, памідоры) і яблыкі — за выключэннем тых, якія прадаюцца вымытымі, адкалібраванымі і расфасаванымі ў перфараваныя пакеты; цвёрдае паліва, паліўныя брыкеты і дровы для насельніцтва; некаторыя віды паслуг (рытуальныя, агульных аддзяленняў лазняў і іншыя).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?