Рыбакі адкрылі новы від птушак у Беларусі

Учора пасля абеду, калі я сядзеў на рабоце і вылічваў сярэдні бал па заалогіі хрыбетных сваіх студэнтаў, мне патэлефанаваў брат Аляксандр: «Чуў сенсацыю?» – «Не, а што здарылася?» – «Новы від адзначылі ў Беларусі!» І хутка я ўжо ведаў падрабязнасці незвычайнага адкрыцця кучаравага пелікана (Pelecanus crispus), які затрымаўся на Чыгірынскім вадасховішчы, што на Магілёўшчыне.
А было ўсё наступным чынам. Распавядае Сяргей Зуёнак, арнітолаг і вялікі аматар рыбалкі: «Учора мне патлефанаваў калега-рыбак, Аляксандр Розін і сказаў, што пад час спаборніцтваў па лоўлі на мармышку на вадасховішчы яны ўбачылі … пелікана! І не толькі ўбачылі, але і сфатаграфавалі на тэлефон. Фота вісіць на ФБ, каб я глянуў. Я паглядзеў – на ім пелікан як пелікан, зняты здалёк, плавае. Я і падумаць не мог, што гэта новы від для краіны будзе. І сказаў яму, што так, пелікан. Але яны да нас час ад часу залятаюць. Потым падумаў, што можа некаму з нашых бёдуотчараў гэта можа быць цікава і пераслаў спасылку на здымак Аляксандру Вінчэўскаму. Ён ужо фота павялічыў і прызнаў на ім кучаравага пелікана».
Насамрэч, два віды пеліканаў – ружовы (Pelecanus onocrotalus), які зрэдку адзначаецца ў нас, і кучаравы, вельмі падобныя і добра адрозніваюцца або зблізку па адсутнасці голай скуры вакол вока, больш яркаму аранжаваму паддзюбб’ю і невялікаму чубіку ў кучаравага, ці параўнальна лёгка, але ў палёце. Ружовы пелікан мае шырокія чорныя палосы на махавых і на знешніх апахалах пер’яў, і на ўнутраных, а кучаравы – толькі на знешніх. Таму здымак пелікана ў палёце, зроблены Аляксандрам Розіным, значна аблегчыў яго правільнае вызначэнне.

Сёння, каб паглядзець на новы для краіны від, з Мінску адправілася міні-экспедыцыя ў складзе пяці арнітолагаў і бёдуотчараў, некаторых з удзельнікаў паспяхова характарызавалі абедзьве гэтыя характарыстыкі.
Падчас 200 кіламетраў, якія яны праехалі ад Мінскай кальцавой да вёскі Чыгірынкі, што ў Кіраўскім раёне Магілёўшчыны, нагледзеліся на розныя вынікі дзейнасці цыклону Даніэла: паламанаыя дрэвы і агароджы аўтастрады, абледзянелыя ўшчэнт ўказальнікі.
Але ўсё гэта не стала перашкодай, каб урэшце забрацца на дамбу вадасховішча, з якой апошні раз рыбакі і бачылі пелікана. Адзін з прыбылых, Сямён Левы, адчуваў нешта яшчэ загадзя і сам адразу пайшоў праверыць рэчку.

«Менавіта ў яго і атрымался ўбачыць пелікана і сфатаграфаваць яго бліжэй. Адтуль ён і патэлефанаваў нам. Але потым птушка пераляцела і мы назіралі яе здалёк праз снегапад» – распавёў Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны» і адзін з чальцоў міні-экспедыцыі «на пелікана» і аўтар гэтага відэа:
Кучаравы пелікан, негледзячы на параўнальна вялікі і разарваны арэал ад Балканаў праз Чорнае, Каспійскае і Аральскае моры, Малую Азію і Блізкі Усход (Персідзкі заліў), Казахстан і Манголію да Кітая, распаўсюджаны лакальна ў асноўным у дэльтах вялікіх рэк. Там від утварае вялікія гнездавыя калоніі на астраўках, сплавінах або ў трыснягу. Пад час сезонных пералётаў і качовак маладых і дарослых птушак залятае ў многія краіны Еўропы. Але ў нашых суседзяў – літоўцаў – кучаравы пелікан упершыню быў адзначаны толькі ў траўні і летам мінулага году. Некаторыя назіральнікі з гэтай краіны пішуць, што «наш» пелікан як раз можа быць «літоўскім», які пераляцеў некалькі сотняў кіламетраў і зазімаваў на Чыгірынскім вадасховішчы на радасць нашым бёдуотчарам.
Калі Беларуская арніта-фауністычная камісія зацвердзіць гэтыя назіранні, то кучаравы пелікан (пры ўмове зацверджання больш ранніх назіранняў трох новых для нашай краіны відаў птушак, якія адбыліся з канца 2014 да канца 2015) ушчыльную наблізіць беларускі Спіс птушак да 330, бо стане тады 229 відам нашай арнітафауны.
Цяпер чытаюць
Стаў героем Магілёўскага ўнівера, збіраў фальклор, працаваў на беларусізацыю садкоў — расказваем пра Яўгена Бойку, асуджанага за салідарнасць з палітвязнямі

Каментары