Пра наступствы Косава для прасторы СНД піша палітоляг Андрэй Ляховіч.

22 сакавіка Дзярждума Расеі прыняла заяву адносна Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі ў сьвятле абвяшчэньня незалежнасьці Косава. З аднаго боку, заява пра тое, што «Абхазія і Паўднёвая Асэтыя маюць больш правоў на незалежнасьць, чым Косава», стварае для расейскага кіраўніцтва фармальную падставу для прызнаньня незалежнасьці адпаведных рэгіёнаў Грузіі.

Зь іншага боку, канстатацыя Дзярждумай факту, што «каля 90% насельніцтва Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі зьяўляюцца грамадзянамі Расеі», сьведчыць пра тое, што ў Маскве думаюць і пра неабходнасьць інкарпарацыі Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Увогуле, прага Расеі прыцягнуць да сябе Сухумі і Цхінвалі сьведчыць, што імпэрская ідэя вельмі жывая ў Расеі, у такой жа ступені, як і абурэньне тым, што беларусы і ўкраінцы размаўляюць не па-расейску.

Кіраўнікі Расеі часта гавораць, што прэцэдэнт Косава выкліча ўзмацненьне сэпаратысцкіх настрояў у шэрагу краінаў сьвету і разбурэньне створанай пасьля другой усясьветнай вайны міжнароднай сыстэмы. На іх думку, прэцэдэнт Косава стварае неабходнасьць вырашыць пытаньне статусу «нявызначаных» частак постсавецкай прасторы. Аднак большасьць расейскіх палітыкаў і, адпаведна, мэдыяў кажуць пра неабходнасьць вырашэньня пытаньня статусу толькі Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Паказальна, што заява Дзярждумы ня тычылася, напрыклад, Прыднястроўя. То бок група Пуціна-Мядзьведзева прагматычна ацэньвае магчымасьці Расеі. Яны разумеюць, што Расея мае рэсурсы падштурхнуць да «самавызначэньня» толькі Абхазію і Паўднёвую Асэтыю — рэгіёны, якія мяжуюць з Расеяй.

Але ў складзе расейскай эліты ёсьць групы, якія заяўляюць, што косаўскі прэцэдэнт стварае магчымасьці для рэалізацыі і іншых апэтытаў: ад Крыму і ўсходняй Украіны да паўночнага і заходняга Казахстану і іншых «расейскіх» земляў.

Пакрокавая інкарпарацыя

Разважаючы пра міжнароднае права і «падвойныя стандарты» Захаду, пагрозу сэпаратызму ў іншых краінах, афіцыйная Масква выкарыстоўвае зусім іншыя катэгорыі, калі гаворка ідзе пра Абхазію і Паўднёвую Асэтыю. Але цяжка ўзгадаць прыклады больш пасьлядоўнай падтрымкі сэпаратыстаў і большых вынікаў палітыкі падтрымкі сэпаратызму.

Гаворачы пра прэцэдэнт Косава, у Расеі «забываюць», што няма гаворкі пра ўключэньне Косава ў склад ЗША, нейкай эўрапейскай краіны ці нават Альбаніі. Тым часам каля 90% жыхароў Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі надалі расейскае грамадзянства. Пэнсіянэры атрымліваюць расейскія пэнсіі. На Абхазію і Паўднёвую Асэтыю не распаўсюджваецца візавы рэжым, які з 1999 г. існуе для грамадзянаў Грузіі. 7 сакавіка 2008 г. Расея спыніла дзеяньне нават толькі фармальна існуючых абмежаваньняў на гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва з Абхазіяй і Паўднёвай Асэтыяй. Сілавыя структуры Абхазіі ўзначальвае цьвёрды прыхільнік уваходу ў склад Расеі Рауль Хаджынба, а сілавыя структуры Паўднёвай Асэтыі ўзначальваюць этнічныя расейцы, дэ-факта камандзіраваныя Генэральным штабам Расеі.

Мяжу рэгіёнаў Грузіі ахоўваюць расейскія войскі.

Прэзыдэнт Паўднёвай Асэтыі Эдуард Какойты заявіў пра намеры зьвярнуцца ў Канстытуцыйны суд Расеі, каб даказаць, што Паўднёвая Асэтыя ніколі не выходзіла са складу Расеі…

Задоўга да актуалізацыі косаўскага пытаньня Расея пачала рабіць крокі, каб ізаляваць Абхазію і Паўднёвую Асэтыю ад Грузіі і зрабіць часткай расейскай эканамічнай, ваеннай, гуманітарнай прасторы. Тое самае яна спрабавала зрабіць з Аджарыяй і Джавахеціяй, але беспасьпяхова.

Пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Косава Расеі застаецца зрабіць трошкі, каб падвесьці рысу пад фактычнай інкарпарацыяй Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі.

23 лютага У.Пуцін сказаў, што ў Расеі былі «хатнія загатоўкі» на выпадак абвяшчэньня незалежнасьці Косава. Са свайго боку расейскія экспэрты назвалі гэтыя «загатоўкі». Будзе ўзмоцненая ахова межаў Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі расейскімі войскамі. Расея павялічыць інвэстыцыі ў разьвіцьцё сацыяльнай, транспартнай, турыстычнай інфраструктуры. Будзе значна павялічаная і расейская эканамічная прысутнасьць у гэтых рэгіёнах.

Сутычка за поўдзень СНД

Узмацняючы пазыцыі ў паўночных рэгіёнах Грузіі, Расея у самай меншай ступені дбае пра інтарэсы абхазаў, этнічна блізкіх пражываючым у Расеі адыгейцам, ці пра інтарэсы асецінаў. Абхазія і Паўднёвая Асэтыя цікавяць Расею перш за ўсё як кропкі ціску на Грузію, зьяўляюцца важнай часткай геапалітычнай гульні Крамлю, скіраванай на пераразаньне альтэрнатыўных шляхоў паставак нафты й газу з Цэнтральнай Азіі ў Эўропу.

Уплываючы на палітычны працэс у Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, Расея мае магчымасьць выкарыстоўваць палітычную актыўнасьць соцень тысяч грузінаў-уцекачоў як ціск на палітыку афіцыйнага Тбілісі. Дэстабілізацыя палітычнай сытуацыі ў Грузіі патрэбная Расеі для таго, каб стварыць перашкоды для інтэграцыі Грузіі ў НАТО і ў эўрапейскую палітычную і эканамічную прастору.

Зь іншага боку, Абхазія і Паўднёвая Асэтыя патрэбныя Расеі як пляцдармы, выкарыстоўваючы якія Масква мае большыя магчымасьці для падмацаваньня рэсурсамі, аказаньня іншай дапамогі прарасейскай частцы апазыцыі ў Грузіі.

Расея адмаўляецца выдаць Грузіі лідэра прарасейскай партыі «Справядлівасьць», былога генэрала КДБ СССР Ігара Геаргадзэ, якога грузінскія ўлады вінавацяць ў спробах ажыцьцяўленьня палітычнага перавароту. Грузінскія ўлады фіксавалі і факты пастаўкі зброі прадстаўнікам прарасейскай часткі грузінскай апазыцыі.

Паводле геапалітычнага значэньня Грузію параўноўваюць зь Беларусяй, бо гэтая тэрыторыя на мове экспэртаў пазначаецца як «гарлавіна касьпійскай нафтагазавай пасудзіны». Як другі пасьля Саудаўскай Арабіі пастаўнік нафты на ўсясьветны рынак, Расея зацікаўленая ў тым, каб кантраляваць транзыт вялікай касьпійскай нафты Казахстану (каля 15% усіх усясьветных запасаў) і нафты Азэрбайджану. Калі Расея атрымае магчымасьці вызначаць каму, колькі, па якіх цэнах пойдзе касьпійская нафта, яна вельмі істотна павялічыць свой геапалітычны патэнцыял, атрымае дадатковыя магчымасьці рэалізаваць свае эканамічныя і палітычныя інтарэсы на абшарах СНД і рычагі ўплыву на пазыцыю краінаў Эўрасаюзу.

Разам з тым, Грузія цікавіць Расею як стратэгічная частка маршруту ў Цэнтральную Азію. Праз супрацоўніцтва з Іранам Расея імкнецца стварыць перашкоды для разьвіцьця супрацоўніцтва Захаду з цэнтральнаазіяцкімі краінамі СНД. У Крамлі добра памятаюць, што у верасьні 2001 г. прапанаваў ЗША разьмясьціць ваенныя базы на тэрыторыі сваёй краіны «найлепшы сябар» Расеі ў рэгіёне прэзыдэнт Казахстану Н.Назарбаеў.

Хатнія загатоўкі

Наступным у шэрагу геапалітычных зрухаў на абшарах СНД, штуршок якім быў дадзены незалежнасьцю Косава, падаецца тое, што Расея абмяжуецца «хатнімі загатоўкамі» адносна Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. То бок працягне палітыку ўзмацненьня сваіх пазыцыяў у гэтых рэгіёнах, але ня пойдзе на фармальнае прызнаньне іх незалежнага статусу ці, тым больш, на ўключэньне ў свой склад.

Важным абмежаваньнем для Расеі ёсьць тое, што сэнс яе падтрымкі сэпаратыстам, як і сэнс яе палітыкі ў Грузіі, Закаўказьзі, Цэнтральнай Азіі, можа быць, паўсюль на абшарах СНД, акрамя, у пэўнай ступені, Беларусі, зразумелы Захаду. І ёсьць цэнтар прыняцьця і рэалізацыі рашэньняў, скіраваных на стрымліваньне Расеі — гэта, галоўным чынам, ЗША.

Апошнім часам Захад зьменшыў хуткасьць (але, натуральна, не спыніў) інтэграцыі Ўкраіны ў НАТО і ЭС. У значнай ступені з прычыны таго, што ва ўкра¬інскім грамадзтве няма крытычнай масы падтрымкі ідэі ўступленьня ў НАТО.

Але ў адрозьненьне ад Украіны, Грузія мае дастаткова ўнутраных і зьнешніх чыньнікаў, якія спрыяюць эўраатлянтычнай інтэграцыі. Падтрымка Расеяй сэпаратыстаў, бамбардаваньне расейскай авіяцыяй Панкіскай цясьніны, увядзеньне адносна Грузіі (як выключэньне з краінаў СНД) візавага рэжыму, спыненьне паставак электраэнэргіі ў зьвязку з палітычнымі патрабаваньнямі на фоне пашырэньня дапамогі і разьвіцьця супрацоўніцтва з Захадам мела заканамерныя наступствы. 72,2 % з тых грамадзянаў Грузіі, хто ўзяў удзел у плебісцыце 5 студзеня, выказаліся за далучэньне да НАТО.

Грузінская палітычная эліта і грамадзтва дастаткова кансалідаваныя ў пытаньні эўраатлянтычнай інтэграцыі.

Падчас прэзыдэнцкіх выбараў Масква актыўна піярыла супраціўнікаў М.Саакашвілі, ня хочучы казаць расейскай аўдыторыі непрыемную праўду: у значнай частцы апазыцыя ў Грузіі прадстаўленая групамі, якія таксама, як і Саакашвілі, рашуча выступаюць за эўраатлянтычную інтэграцыю і нават больш актыўна за Саакашвілі падымаюць пытаньне аднаўленьня тэрытарыяльнага адзінства Грузіі.

Усьведамляючы стратэгічную важнасьць Грузіі, у тым ліку і тое, што яна цяпер зьяўляецца пярэднім краем стрымліваньня Расеі, ЗША пасьлядоўна выступаюць за далучэньне Грузіі да НАТО. Важнае значэньне мае пазыцыя вельмі ўплывовага і актыўнага грузінскага лобі ў складзе палітычнай і вайсковай эліты ЗША. У 1990-х другую па значэньні пасьля міністра абароны пасаду ва Ўзброеных сілах ЗША — начальніка Аб’яднанага Камітэту начальнікаў штабоў — займаў чатырохзоркавы генэрал Джон Шалікашвілі. Яго брат, Атар Шалікашвілі — другая зорка амэрыканскага генэралітэту, доўгі час займаў пасаду дарадцы міністра абароны ЗША ў пытаньнях амэрыканска-грузінскага вайсковага супрацоўніцтва.

Грузія — найбольш прасунутая краіна СНД у аспэкце мадэрнізацыі арміі ў адпаведнасьці са стандартамі НАТО. У адпаведнасьці з праграмай «Навучы і абсталюй» толькі ў разьвіцьцё спэцыяльных частак грузінскай арміі ЗША штогод укладаюць каля 30 млн даляраў. Значную дапамогу мадэрнізацыі Ўзброеных сілаў Грузіі, таксама і на даручэньне ЗША, аказвае другая краіна НАТО — Турцыя.

Як і ў пытаньні Косава, прадстаўніцтва краінаў «старой Эўропы» займае асьцярожную пазыцыю ў пытаньні вызначэньня часу далучэньня Грузіі да НАТО. Але чакаецца, што пад уплывам ЗША ўжо падчас бухарэсцкага саміту НАТО 4—6 красавіка будзе вызначаны тэрмін далучэньня Грузіі да гэтай арганізацыі.

Таксама з прычыны істотных замежных абмежаваньняў Расея ня будзе выкарыстоўваць прэцэдэнт Косава, каб падняць пытаньне Прыднястроўя, Крыму і ўсходняй Украіны. Прыднястроўе ня мае супольнай мяжы з Расеяй і нават выхаду да мора. У Крыме расейцы складаюць каля 59 % ад насельніцтва, але любая ініцыятыва далучэньня да Расеі сутыкнецца з рашучым супрацівам крымскіх татар. Татар 300 тысячаў у агульнай колькасьці насельніцтва Крыму, і іх прадстаўніцтва імкліва расьце ў сувязі з дэмаграфічным выбухам. На ўсходзе «данецкі» клан на чале з Р.Ахмэтавым зусім ня хоча дзяліцца статусам і пазыцыямі з расейскімі палітыкамі-алігархамі і ўсё большыя грошы зарабляе ад працы на рынку Эўрасаюзу.

Унутраныя абмежаваньні

Нягледзячы на выключна спрыяльную сытуацыю для расейскага экспарту, Расея застаецца «эканамічным карлікам з атамнай дубінкай». З павелічэньнем аб’ёму эканомікі залежнасьць Расеі ад Захаду не зьмяншаецца, а павялічваецца. Сілкаваны прытокам нафтадаляраў рост ВУП Расеі цалкам залежыць ад палітыкі краінаў Захаду, што падтрымліваюць высокія цэны на энэрганосьбіты, стымулюючы разьвіцьцё нематэрыялаёмістых, неэнэргаёмістых, навукаёмістых, перадавых вытворчасьцяў і ад гатоўнасьці Захаду купляць расейскую нафту.

У Крамлі добра ведаюць, што ў другой палове 1980-х павелічэньне спажываньня Захадам нафты з краінаў Пэрсыдзкай затокі мела вынікам адпаведнае скарачэньне прытоку нафтадаляраў у скарбонку Савецкага Саюзу і, у выніку, глыбокі сыстэмны крызіс. Цяпер прыток ірацкай нафты на ўсясьветны рынак ужо не абмежаваны міжнароднымі санкцыямі, як было за Хусэйнам. Усё большую частку нафты краіны Захаду атрымліваюць зь Нігерыі. На падыходзе і вялікая касьпійская нафта.

Вялікая унутраная праблема, якую Крэмль ня можа вырашыць, — дэмаграфічны крызіс, хуткае павелічэньне часткі мусульманскага, неславянскага насельніцтва Расеі. Пагаршэньне якасьці людзкіх рэсурсаў у выніку алькагалізацыі, наркаманіі ў сельскагаспадарчых рэгіёнах Расеі мае вынікам павелічэньне залежнасьці Расеі ад імпарту амэрыканскага і эўрапейскага харчаваньня. Уласнай прадукцыяй Расея толькі на 65% задавальняе свае патрэбы ў харчаваньні. У цэнтральных рэгіёнах Расеі спажываньне імпартных прадуктаў харчаваньня складае 80% і больш.

Расея Пуціна-Мядзьведзева — закладніца сфармаванай у першай палове 1990-х мадэлі алігархічнага капіталізму. Прыток нафтадаляраў стымулюе сацыяльную дыфэрэнцыяцыю, усё большы, беспрэцэдэнтны для іншых краінаў разрыў між беднымі і багатымі, цэнтрам і рэгіёнамі.

Выйсьце на другую пазыцыю па колькасьці мільярдэраў да 100 (у Амэрыцы — 160) абмяжоўвае магчымасьці Расеі сфармаваць сучасную эканамічную і сацыяльную мадэль. 500 расейцаў, якія маюць маёмасьць на 700 млрд даляраў (каля паловы ВУП), як і пераважная колькасьць бізнэс-эліты, маюць зусім іншую субкультуру, у параўнаньні з эвалюцыйна сфармаванай заходняй бізнэс-элітай. Рэсурсы, якія атрымлівае Расея, ідуць не на мадэрнізацыю, а на павелічэньне маёмасьці групы палітыкаў-алігархаў.

Гэтыя прычыны істотна абмяжоўваюць магчымасьці Расеі праводзіць актыўную замежную палітыку, самастойна дзейнічаць у тым ліку і на абшарах СНД. Расея застаецца краінай зь вялікімі ўнутранымі праблемамі, для хаця б частковага рашэньня якіх патрэбныя добрыя дачыненьні з Захадам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?