У Пекіне пабудуюць самы вялікі ў свеце аэрапорт. Аўтарам праекта выступіла брытанская архітэктарка Заха Хадзід. Як паведамляюць кітайскія СМІ, новы аэрапорт размесціцца ў раёне Дасін.

Мяркуецца, што комплекс будзе ўзводзіцца ў некалькі этапаў. Так, у эксплуатацыю аэрапорт будзе ўведзены ў 2019 — да гэтага часу будуць гатовыя чатыры ўзлётна-пасадкавыя паласы і некаторыя тэрміналы. Мяркуецца, што да гэтага моманту штогадовы пасажырапаток складзе 45 мільёнаў пасажыраў.

Да 2025 года аэрапортам змогуць скарыстацца ўжо 72 мільёны пасажыраў. Да заканчэння будаўніцтва аэравакзала ў 2040 будуць здадзены ў эксплуатацыю яшчэ дзве ўзлётна-пасадкавыя паласы. Прапускная здольнасць аэрапорта дасягне 100 мільёна пасажыраў у год і больш за чатыры мільёны тон грузаў.

Па дадзеных СМІ, па форме будынак будзе нагадваць фенікса — архітэктары хочуць звязаць будынак новага аэравакзала з ужо існуючым аэрапортам Шоўду, форма якога нагадвае пра іншую міфічную жывёлу, кітайскага цмока.

У цяперашні час самым загружаным аэрапортам у свеце лічыцца міжнародны аэрапорт Хартсфілд-Джэксан у Атланце (ЗША). Яго прапускная здольнасць складае 95 мільёнаў пасажыраў у год.

Народжаная ў Іраку і выгадаваная брытанскай архітэктурнай школай Заха Хадзід — прадстаўніца дэканструктывізму. Сярод яе прац — Нацыянальны музей мастацтваў XXI стагоддзя ў Рыме, Цэнтр водных відаў спорту ў Лондане, Цэнтральны будынак завода BMW у Лейпцыгу, Цэнтр Гейдара Аліева ў Баку, праект філіі Музея Гугенхайма ў Вільні, асабняк бізнэсоўца Дароніна на Рублёўцы ў Маскве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0