Суд над актывістам прадпрымальніцкага руху Сяргеем Парсюкевічам запланаваны на 16 красавіка. Пра гэта БелаПАН паведаміла адвакат прадпрымальніка Вера Страмкоўская.

Паводле яе слоў, суддзёй прызначаны Уладзімір Аўдзеенка. Справа актывіста прадпрымальніцкага руху была перададзена ў суд Маскоўскана раёна 31 сакавіка.

В.Страмкоўская расказала, што 2 красавіка С.Парсюкевічу, нарэшце, удалося перадаць лекі. Раней, паводле слоў жонкі, ёй не дазвалялі перадаваць яму неабходныя медыкаменты, да прыкладу, кроплі ў нос. Прадпрымальнік у запісцы жонцы паведаміў, што стан яго здароўя рэзка пагоршыўся. У яго абвастрылася бранхіяльная астма, ён не можа нармальна дыхаць, што стала прычынай праблем з сэрцам. У камеры вельмі душна, паколькі там знаходзяцца 13 чалавек, многія з якіх кураць.

Нагадаем, віцебскі прадпрымальнік С.Парсюкевіч быў арыштаваны 4 сакавіка пасля таго, як з’’явіўся на допыт у пракуратуру Маскоўскага раёна Мінска. Яму прад’явілі абвінавачанне ў злачынстве, прадугледжаным артыкулам 364 Крымінальнага кодэкса (насілле або пагроза насілля ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі). С.Парсюкевіч абвінавачваецца ў тым, што падчас адбыцця пакарання за ўдзел у акцыі пратэсту прадпрымальнікаў 10 студзеня ў Мінску ў спецпрыёмніку‑размеркавальніку на вуліцы Акрэсціна напаў на міліцыянера. Абарона сцвярджае, што гэта супрацоўнікі спецпрыёмніка збілі прадпрымальніка, паведамляе БелаПАН.

Зазначым, што 16 красавіка ў іншым судзе — Цэнтральнага раёну сталіцы — распачнецца працэс па «Справе 14». Чатырнаццаць маладых людзей абвінавачваюць паводле арт. 342‑1 Крымінальнага кодэксу: «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх» ‑‑ г.зн. за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў 10 студзеня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0