Лідарка аднаго з самых вядомых беларускіх рок-гуртоў «Срэбная вяселле» Святлана Бень (Бенька) у інтэрв'ю ўкраінскаму выданню «Політика і культура» гаварыла не толькі пра музыку і тэатр.

Спявачка паразважала пра гісторыю Беларусі і яе сучаснасць. «У Беларусі неймаверна складаная і дзіўная гісторыя, — адзначыла яна. — Я для сябе адкрыла гісторыю Беларусі пяць гадоў таму, пачала глядзець новыя матэрыялы. З'явіліся добрыя гісторыкі, якія вельмі добра ўсё гэта выкладаюць.

Апошнія гадоў дзвесце беларусы знаходзяцца пад вельмі сур'ёзным прэсам. Ад гэтага выпрацаваўся схаваны ўнутраны рэзыстанс, унутраная эміграцыя, калі чалавек існуе ў краіне і ў той жа час не існуе. Ён існуе ў паралельным свеце. Бо ён разумее, што не можа адкрыта выказаць сваю пазіцыю. Мала сродкаў для творчай рэалізацыі. Не падтрымліваюцца тэатры, музыка. Людзі выдрапваюць апошнія грошы, працуюць на нейкіх працах, каб мець магчымасць прыйсці ў выходны дзень пагуляць на гітары ў студыі, якую трэба зняць за шалёныя грошы. Дзяржаўнай падтрымкі вельмі мала. Гранты і міжнародныя фонды для нас зачыненыя.

— Але яшчэ нядаўна здавалася, што ў вас пачалася адліга…

— Так, але адліга завяршылася.

— Ваш урад нават пачаў усяляк падтрымліваць курсы беларускай мовы…

— Гэтая тэндэнцыя вельмі савецкая. Усё жывое, шчырае, яркае, непадобнае, што выходзіць за рамкі кандовага паказу, прабіваецца з цяжкасцю і існуе ў падполлі. Не тое каб падполле, як у савецкія часы былі дысідэнты, але… Ёсць тэатр цудоўнага Жэні Карнягі, ён ставіць выдатныя спектаклі. Але ён іх ставіць у асноўным у Еўропе, а ў Беларусі ставіць адзін-два спектаклі. Абсалютна альтэрнатыўны спектакль, але адзін за некалькі гадоў. Ёсць нейкія цікавыя пастаноўкі і ў афіцыйных тэатрах, але гэта нейкія маленькія воплескі. Ёсць цікавыя мастакі, але яны ўсе ў асноўным з'язджаюць у Польшчу, у Літву, ва Украіну, у Расію. Вялікая колькасць людзей з'язджае.

— Эміграцыя з Беларусі ў Расію — сумнеўны выбар для творчай рэалізацыі…

— У Расеі цяпер вельмі моцны палітычны прэс. Усе нашы сябры пакутуюць ад гэтага.

— Нядаўна беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч атрымала Нобелеўскую прэмію. Ваш прэзідэнт быў зусім не ў захапленні ад гэтага…

— Так, не ў захапленні. Яна адкрыта яго крытыкуе. Аляксандр Лукашэнка не ўхваліў яе выказванняў. А тое, што прэзідэнт сказаў афіцыйна, з'яўляецца інструкцыяй да дзеяння ўсім чыноўнікам. Але народ вельмі рады. Хоць таксама падзяліўся на два лагеры, таму што яна рускамоўны аўтар.

Беларусі нанесеная вялікая крыўда, і за гэтую крыўду, за русіфікацыю, прабачэнні не прынесены. Беларуская мова была выцеснена неймаверна жорстка. 90% беларускіх аўтараў было знішчана. 90% інтэлігенцыі, усе найлепшыя палеглі ў лагерах. У нас быў канцлагер «Трасцянец», другі па велічыні ў Еўропе. Гэтая тэма не ўзнімалася ніколі, бо, калі пачалі капаць, высветлілася, што там пахавана забітых падчас рэпрэсій больш, чым забілі немцы ў час вайны. А немцы прыязджаюць і капаюць самі. І зразумела, што, пачаўшы капаць, яны скажуць: «Так, гэта наша … А вось гэта — ужо не». Калі высветліцца, колькі людзей там забілі, гэта будзе зусім не на руку афіцыйнай палітыцы. Таму гэтую тэму прыкрылі. Зусім нядаўна там адкрылі сціплы мемарыял да 70-годдзя перамогі, а пра тое, што побач быў іншы лагер смерці, наогул не згадалі. Трэба памятаць ахвяры. Трэба аб гэтым гаварыць. Трэба ведаць сваю гісторыю. Палову рэспублікі Сталін забіў зверскім спосабам! А нам кажуць: «Не, дрэнныя толькі фашысты».

— Германія прызнала і выбачылася, а Расея не тое што не папрасіла прабачэння, а наадварот — ставіць новыя помнікі Сталіну…

— Для мяне гэта вельмі балючая тэма. Я не агрэсіўны чалавек, я ніколі не хацела браць зброю ў рукі. Але, калі я бачу гэтыя помнікі, у мяне цягнецца рука… Я так рада, што ў мяне няма пісталета (смяецца). Я чалавек нястрыманы, ужо нанесла б непапраўныя калецтвы. У мяне ні адзін дзядуля не загінуў у Вялікую Айчынную вайну, але многія сваякі загінулі падчас рэпрэсій. Я з павагай стаўлюся да Вялікай Айчыннай вайны, для мяне гэта не пусты гук. Але для мяне гэта зусім раўназначныя трагедыі.

— Вы неяк сказалі, што публіка на вашых канцэртах падобная паміж сабой і ў Беларусі, і ва Украіне, і ў Расеі…

— Да нас прыходзяць у Расіі тыя, хто ніколі не скажа слова «ўкроп».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?