Працадаўцы маюць права чытаць асабістыя паведамленні супрацоўнікаў, адпраўленыя ў працоўны час з дапамогай сэрвісаў абмену паведамленнямі і электроннай пошты, пастанавіў Еўрапейскі суд па правах чалавека.

Суд у Страсбургу разглядаў пазоў, пададзены інжынерам з Румыніі да кіраўніцтва яго былой кампаніі, якое звольніла яго ў 2007 годзе пасля таго, як азнаёмілася з яго асабістай перапіскай.

Тэксты былі адпраўленыя пры дапамозе сэрвісу Yahoo Messenger у працоўныя гадзіны. Заяўнік патрабаваў прызнаць дзеянні працадаўцы парушэннем яго права на прыватнасць перапіскі.

Суддзі адхілілі пазоў: яны прыйшлі да высновы, што працаўнік парушыў правілы кампаніі, і працадаўца меў права праверыць, як ён выконвае сваю працу.

«Працадаўца дзейнічаў у рамках сваіх паўнамоцтваў, паколькі, як высветліў суд, ён атрымаў доступ да ўліковага запісу Yahoo Messenger, мяркуючы, што інфармацыя, пра якую ідзе гаворка, была звязаная з прафесійнай дзейнасцю супрацоўніка, і, такім чынам, доступ да яе з'яўляўся законным. Суд не бачыць падставаў сумнявацца ў гэтым», — гаворыцца ў рашэнні ЕСПЧ.

Разам з тым у рашэнні суда гаворыцца аб непрымальнасці неабмежаванага сачэння і аб неабходнасці распрацаваць выразныя правілы, якія ўстанаўліваюць, якую інфармацыю пра сваіх супрацоўнікаў і якім чынам мае права збіраць працадаўца.

Рашэнне ЕСПЧ распаўсюджваецца на ўсе краіны, якія ратыфікавалі Еўрапейскую канвенцыю па правах чалавека.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?