Варкуцінскі горна-эканамічны каледж спаліў кнігі, выдадзеныя пры падтрымцы Фонду Сораса. Пра гэта гаворыцца ў адказе міністэрства адукацыі Комі на запыт выдання «7x7». Усяго спалілі 53 асобнікі двух розных кніг.

Па словах загадчыцы бібліятэкі каледжа Алены Васільевай, адна з кніг называлася «Светапогляд» і была «трошачкі рэлігійнай». Васільева ўдакладніла, што кніга не карысталася папулярнасцю ў студэнтаў.

У Варкуцінскім політэхнічным каледжы канфіскавана 14 асобнікаў шасці кніг, выдадзеных пры падтрымцы Фонду Сораса. Іх знішчаць пры дапамозе шрэдэраў. Каля 400 асобнікаў кніг канфіскавалі таксама ва Ухцінскім дзяржаўным тэхнічным універсітэце.

Як заявілі ў міністэрстве адукацыі Комі, кнігі канфіскоўваюцца па ўказанні паўнамоцнага прадстаўніка прэзідэнта РФ у Паўночна-Заходняй федэральнай акрузе Уладзіміра Булавіна.

У снежні 2015 года ў інтэрнэце распаўсюдзіўся ліст намесніка паўнамоцнага прадстаўніка прэзідэнта ў ПЗФА Андрэя Траўнікава на імя намесніка старшыні ўрада Комі Тамары Нікалаевай. У ім гаварылася, што літаратура, выдадзеная пры падтрымцы Фонду Сораса, «фармуе ў маладзёжным асяроддзі скажонае ўспрыманне айчыннай гісторыі і папулярызуе чужыя расійскай ідэалогіі ўстаноўкі» і яе неабходна канфіскаваць.

У канцы лістапада 2015 года Генпракуратура РФ прызнала Фонд Сораса «непажаданай арганізацыяй». Гэта азначае, што яму забаронена весці любую дзейнасць на тэрыторыі Расіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?