5—6 красавіка Буш у Сочы сустракаўся з "Пуцьведзевым" :) — абодвума расейскімі прэзыдэнтамі, старым ды новым. У выніку Пуцін выказаў "стрыманы аптымізм" што да пэрспэктываў знайсьці паразуменьне ў пытаньні супрацьракетнай абароны. Канешне, гэта доўгая песьня, але ўжо зараз відавочна, што пры пацяпленьні стасункаў між Масквою ды Вашынгтонам афіцыйны Менск можа капітальна сесьці ў галёш.

Цяперашняя айчынная фантасмагарычная "вайна з Амэрыкай" цалкам грунтуецца на спадзеве, што Масква "ня выдасьць". А то 'шчэ й заахвоціць за такі гераізм. Але за мінулы месяц (во, акурат месяц ужо ваюем! :) надта не разагналіся публічна выказаць салідарнасьць ні Крэмль, ні Дума, ні Лаўроў. Хіба што Зубкоў дзяжурна сказаў два словы наконт непрадуктыўнасьці санкцый, дый то таму, што ў Менск прыехаў.

У Расеі і без таго багата праблемаў. Улазіць у сварку з Захадам яшчэ й цераз "беларускае пытаньне" абсалютна недарэчы. А калі Мядзьведзеў, атрымаўшы трон, захоча выйсьці зь ценю суворага Пуціна і замест ярлыка "марыянэткі палкоўніка КГБ" набыць у вачох сусьветнага бамонду імідж самастойнай фігуры, то найлепшы варыянт палягае акурат у тым, каб бліснуць лібэралізмам ды замірыцца з амэрыканцамі.

Ужо сёньня Амэрыка прапануе большую транспарэнтнасьць у пытаньні свайго трэцяга пазыцыйнага раёну СРА, а Масква — супрацу ў стварэньні глябальнай сыстэмы супрацьракетнай абароны. Карацей, ідзе дыялёг, хай сабе й няпросты, а месцамі й нэрвовы.

Чытаю пра закулісныя падрабязнасьці перамоваў у Сочы. Райс ды Лаўроў пісалі тэзы выніковай дэклярацыі на меню, між радкоў пра бліны, ікру ды кулябяку :) Так, цяжка знаходзіць агульную мову, але ж вось вам жывая палітыка, якая робіцца "з аркуша"! А ў нас — толькі карыкатурны рымэйк халоднае вайны.

Але ў сёньняшняй сочынскай дэклярацыі акурат і зазначаецца, што халодная вайна скончана. Ваяўнічы антыамэрыканскі імпэт беларускага кіраўніцтва ніяк не дапасоўваецца да распачатага дыялёгу між Мядзьведзевым і Бушам (яны ўжо дамовіліся пагутарыць як сьлед ў ліпені на саміце вялікай васьмёркі).

Мала таго, што Крэмль не гарыць жаданьнем класьціся пад паравоз за інтарэсы "Белнафтахіму", дык неўзабаве на Менск пачнецца наступ на газавым фронце. "Газпром" ужо зараз палохае газам па 200 даляраў з новага году і ў якасьці паратунку прапануе ісьці ў канфэдэрацыю (ведаем мы вашы канфэдэрацыі: бяз солі струшчыце! :)

Карацей, на восень ды пачатак зімы (калі наблізіцца час вызначэньня газавай цаны на 2009 год) прагноз такі: Масква ў вуснах правадыра і на БТ зноў стане кепскай, і зноў мы пачуем песьню пра заходні вэктар. І чым болей зараз нашыя стратэгі наламаюць дроў, тым цяжэй потым будзе выкручвацца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?