5 красавіка ў краіне прайшлі першыя прафэсійна‑псыхалягічныя сумоўі. Рэкамэндацыі камісіі неабходныя для паступленьня на «асабліва сацыяльназначныя» спэцыяльнасьці. Generation.by пабываў у БДУ, дзе сумоўе праходзілі жадаючыя паступіць на спэцыяльнасьць «(міжнародная) журналістыка», у тым ліку і адлічаны з журфака студэнт Франак Вячорка. Таксама ў галоўным корпусе праходзілі сумоўі і на іншыя спэцыяльнасьці.­

Асноўная маса студэнтаў прыйшла да пачатку, таму чарга ўсё ж была. У тую частку галоўнага корпуса, дзе знаходзіліся аўдыторыі для сумоўя, праход быў перакрыты. Дружыньнікі сказалі, што журналістам на праход і здымкі трэба атрымаць «паперу». Якую і дзе — не ўдакладнялі.

Абітурыенты былі ў парадных строях: хлопцы пры гальштуках, дзяўчаты на абцасах. Атмасфэра — як на іспытах: напружаная і ўрачыстая. Збольшага народ выходзіў з усьмешкамі: «рэкамэндавалі». Былі і такія, хто разгублена тэлефанавалі бацькам «сказалі падысьці праз гадзіну». І хаця некаторыя адразу ведалі вынік, трэба было пачакаць на афармленьне.

Як распавялі абітурыенты, якія пасьпяхова прайшлі сумоўе, пытаньні ім задавалі наступныя:

«Хто рэдактар «Советской Беларуси», «Якія вы ведаеце беларускія выданьні і хто іх рэдактары», «Калі была прынятая Канстытуцыя», «Калі Дзень Незалежнасьці», «Хто ваш кумір»? Ну і, натуральна, «Чаму хочаце стаць журналістам?».

Адна абітурыентка нават вершы ўласныя прачытала. Запытваюся ў ейнай маці, якая з хваляваньнем чакала вынікаў, як яна ставіцца да ідэі сумоўя:

«Вельмі адмоўна. Гэта дадатковы клопат, і вядома пра гэтае сумоўе стала толькі нядаўна. Мы ня ведалі, якая дакладна будзе форма — прынесьлі з сабой тэчку публікацыяў».


Франак Вячорка

Франаку Вячорку, які ішоў апошнім, пытаньня «чаму ты хочаш стаць журналістам» не задавалі. Ля дзьвярэй у аўдыторыю ён сутыкнуўся з намесьніцай дэкана Вольгай Самусевіч.

Адбылася доўгая і эмацыйная гутарка пра адлічэньне Франака і пра водгукі адміністрацыі аб ягоных посьпехах ў вучобе. Спадарыня Самусевіч націскала на тое, што яна — «проста адміністратар і ад яе нічога не залежыць», а таксама папракала Франака тым, што ягоныя партрэты «вісяць у прыбіральні» (пасьля адлічэньня Вячоркі студэнты журфака расклеілі інфармацыйныя налепкі ў новым корпусе факультэту). Дыскусію прыпыніў дэкан пытаньнем «абітурыент зьбіраецца заходзіць?».

Франаку паведамілі, што ўсе чыталі ягоны жж — і паўкрыдзілся з таго, што ён пісаў. А таксама перапыталі, ці не ідзе дыктафонны запіс і забралі ў яго тэлефон.

Пытаньні Франаку задаваліся не як абітурыенту, а як адлічанаму студэнту. Кранулі і тэму адукацыйных праектаў БДУ і Швэцыі:

«Адзіным пытаньнем, якое тычылася журналістыкі непасрэдна было, ці разумею я, што мае допісы ў жж не адпавядаюць сацыяльнай адказнасьці журналіста. Як колішняга студэнта, у мяне таксама запыталіся, на падставе чаго рэдакцыя можа адмовіць аўтару ў публікацыі. Пасьля маіх разважаньняў мне сказалі, што складваецца ўражаньне, быццам я цісну на камісію».

Франака трымалі трохі дольш, чым астатніх, аднак рэкамэндацыі не далі. Хаця імя рэдактара «Советской Беларуси» Франак ведаў дакладна:

«Мяне папрасілі выйсьці на пяць хвілін. Па вяртаньні мне паведамілі, што камісія параілася і вырашыла рэкамэндацый мне не даваць,» — распавядае Франак.

Прафэсійна‑псыхалягічныя сумоўі будуць праходзіць цягам месяцу, на іх запісалася ля 15 тысяч абітурыентаў.

Паводле: Даша Слабчанка, Generation.bY

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0