У камерцыйных банкаў няма аб'ектыўных прычын абмяжоўваць валютныя аперацыі, заявіў БелаПАН начальнік упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязей — прэс-сакратар Нацыянальнага банка Аляксандр Цімашэнка. 

14 і 15 студзеня з'явілася інфармацыя, што некаторыя банкі ўвялі ліміт на валютныя аперацыі па картках. У прыватнасці «БТА-Банк» паведаміў сваім кліентам, што з 15 студзеня з рублёвых картак на тэрыторыі Беларусі нельга будзе здымаць валюту, калі ж уладальнік такой карткі выедзе за мяжу, то ліміт на аперацыі складзе 10 млн. рублёў. Акрамя таго, валютныя карткі нельга папаўняць рублямі, а здымаць наяўныя (разлічвацца без наяўных грошай) на тэрыторыі краіны можна ў межах ліміту 500 долараў. У банку паведамілі, што абмежаванні носяць часовы характар. 

«Аб абмежаваннях паведамілі адзінкавыя банкі. Гэта адзінкавыя выпадкі, і ніякіх рэкамендацый наконт гэтага ад Нацыянальнага банка, натуральна, няма. Больш таго, нашы спецыялісты ў кантакце з гэтымі банкамі і высвятляюць, што стала прычынай абмежаванняў», — паведаміў Цімашэнка. 

Ён падкрэсліў, што ніякіх абмежаванняў на наяўным валютным рынку няма. «Па картках крыху іншая сітуацыя. Тэарэтычна банкі маюць права ўстанаўліваць ліміты па сумах пераводаў, яны перыядычна гэта робяць пры разліку ў замежных краінах», — адзначыў прадстаўнік Нацбанка. 

На яго думку, магчыма, у некаторых банкаў былі прычыны для некаторых абмежаванняў. «Можа, яны аптымізуюць свой рознічны партфель, таму пайшлі на такія дзеянні. Гэтым банкам трэба было не проста інфармаваць насельніцтва, а растлумачыць. Калі б гэта было зроблена, не было б падстаў наогул непакоіцца», — лічыць Цімашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?