Былога супрацоўніка ФСБ Расіі, палкоўніка ў адстаўцы, абвінавацілі ў пагрозе здзяйснення тэракту ў аэрапорце Мінска, паведамляе расійскі тэлеканал «Лайфньюс».

Ён заявіў, што яго збівалі і вымусілі прызнацца ў пагрозах работнікам аэрапорта. Як сцвярджае былы расійскі афіцэр спецслужбаў, ён прыбыў на тэрыторыю Беларусі з сынам на пахаванне маці.

Ён сцвярджае, што ў пункце надгляду яму прапанавалі разуцца і надзець бахілы. «На гэта я папрасіў не ставіцца да мяне прадузята і дадаў, што сам былы вайсковец. Мяне з сынам адразу адвялі ў адмысловы пакой, адкуль даставілі ў пракуратуру», — сцвярджае расіянін.

Па словах расіяніна, яго збівалі, пагражалі затрыманнем сына, пасля чаго ён прыняў рашэнне пагадзіцца з абвінавачваннем і прызнаць віну.

«Я вырашыў, што будучы на свабодзе змагу хутчэй вырашыць гэтае пытанне, і падпісаў дакументы. Пад вартай я знаходзіўся 10 дзён, — піша ён. — За гэты час мой сын злятаў у Маскву і сабраў патрэбную для грашовай заставы суму», — сцвярджае расіянін.

Ён сцвярджае, што застава склала эквівалент 5000 даляраў. Былы супрацоўнік спецслужбаў сцвярджае, што ён збег у Расею праз адкрытую мяжу, бо баяўся ехаць цягніком ці самалётам.

Расіянін заяўляе, што яго ў Мінску абвінавацілі ў пагрозе тэракту і што падчас службы ён працаваў якраз у аддзеле па супрацьдзеянні экстрэмізму і тэрарызму.

Як патлумачылі «Нашай Ніве» ў Міністэрстве ўнутраных спраў, дадзены грамадзянін няўдала пажартаваў у пункце надгляду, што ў яго ёсць бомба. Адпаведныя службы зрэагавалі на такую заяву згодна са службовымі інструкцыямі. Пад варту жартаўніка-«палкоўніка» не змяшчалі. Кастрычніцкі райаддзел Следчага камітэта праводзіць праверку па гэтай справе. 

На пытанне, ці затрыманы з'яўляецца палкоўнікам ФСБ, нам адказалі, што «ніякія палкоўнікі ФСБ або грамадзяне Расійскай Федэрацыі ў аэрапорце не затрымліваліся».

Агулам справа мела месца паўтара месяца таму.

Матэрыял жа «Лайфньюса» наша крыніца назвала тым, «пра што няма чаго размаўляць, нават каментаваць не збіраемся».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?