Шматразовы чэмпіён свету па гіравым спорце і рэкардсмен Кнігі рэкордаў Гінэса Вячаслаў Харанека сёння ў Мінску ўстанавіў новы сусветны рэкорд.
Выступленне беларускага спартсмена прайшло ў Камандна-інжынерным інстытуце МНС. Вячаслаў Харанека на працягу гадзіны выціснуў 1410 раз 24-кілаграмовую гіру са становішча лежачы адной рукой напераменку. Папярэдні рэкорд у гэтым практыкаванні складаў 1200 паўтораў.
Дадзены рэкорд стаў 147-м па ліку ў скарбонцы гіравіка. Па словах Вячаслава Харанекі, свой выступ ён прысвяціў Дню ратавальніка, які адзначаецца ў Беларусі 19 студзеня.