Спецыялісты галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Мінгарвыканкама прадоўжаць штотыднёва адсочваць узровень рознічных цэн па асноўных групах тавараў з мэтай недапушчэння неабгрунтаванага іх росту, паведамілі ва ўпраўленні. 

«У мэтах выканання даведзенага кіраўніком дзяржавы ўзроўню інфляцыі на 2016 год — не больш за 12% і ўлічваючы сацыяльную значнасць павышэння цэн для большасць насельніцтва краіны, рэкамендавана гандлёвым арганізацыям і вытворцам Мінска больш гнутка падыходзіць да цэнавай палітыкі з улікам рэальнай эканамічнай сітуацыі, — гаворыцца ў паведамленні. — Цэны на тавары павінны быць такімі, каб спажывец мог іх купіць. Звернута ўвага кіраўнікоў на выкананне наяўнага ўзроўню гандлёвых надбавак і цэн на ўсе спажывецкія тавары». 

Ва ўпраўленні спажывецкага рынку нагадалі, што з 15 студзеня ўрадам адменена цэнавае рэгуляванне на сацыяльна значныя тавары. «Такім чынам, цяпер з харчовых тавараў цэны будуць рэгулявацца толькі на свежыя бульбу, буракі сталовыя, моркву сталовую (за выключэннем мытых, адкалібраваных і фасаваных у перфарыраваныя пакеты і сеткавую тару з прымяненнем кліпсатара), капусту белакачанную, цыбулю рэпчатую», — патлумачылі спецыялісты. 

Нагадаем, у снежні быў узмоцнены кантроль за цэнамі ў перыяд навагодніх святаў. «Неабходнасці ў мараторыі на рост цэн у тым выглядзе, у якім мы яго ўвялі летась, калі мы абмяжоўвалі цэны, сёння няма. Сітуацыя з цэнамі стабільная, ніякіх завышэнняў і перавышэнняў цэн няма», — адзначала на прэс-канферэнцыі 16 снежня начальнік упраўлення гандлю і паслуг Мінгарвыканкама Ніна Емяльянава. 

Паводле яе слоў, гэта адзначалася і ў лісце Мінгандлю, які паступіў у Мінгарвыканкам і ў якім гаварылася: «Цяпер у цэлым сітуацыя з цэнамі на спажывецкім рынку дастаткова стабільная».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?