Сакратар Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Беларусі Мікалай Лазавік лічыць канструктыўнымі прапановы аб\'яднаных дэмакратычных сіл (АДС) па ўдасканаленні выбарчага працэсу. Пра гэта ён заявіў 7 красавіка ў інтэрв'ю БелаПАН.

Нагадаем, 31 сакавіка АДС прэзентавалі шэсць праектаў пастаноў Цэнтрвыбаркама па ўдасканаленні выбарчага працэсу. Дакументы закранаюць наступныя пытанні выбарчага заканадаўства: працэс фарміравання выбарчых камісій; вылучэнне назіральнікаў і іх правы; працэдура падліку галасоў; правядзенне публічнай агітацыйнай кампаніі, а таксама агітацыі ў СМІ; канкрэтызацыя заканадаўства, якое тычыцца дзейнасці членаў выбарчай камісіі. На прэс-канферэнцыі ў Мінску намеснік старшыні руху "За Свабоду" Віктар Карняенка заявіў, што "АДС даюць уладам шанц правесці выбары, вынікі якіх былі б прызнаны міжнароднай супольнасцю".

М. Лазавік паведаміў, што праекты пастаноў паступілі ў Цэнтрвыбаркам у канцы мінулага тыдня. "Беглае знаёмства з імі дазваляе зрабіць выснову, што асноўная частка прапаноў канструктыўная", — падкрэсліў ён.

Сакратар Цэнтрвыбаркама паведаміў, што вывучэннем праектаў дакументаў займаецца юрыдычны аддзел Цэнтральнай камісіі. У прыватнасці, ім будуць зроблены высновы аб адпаведнасці палажэнняў праектаў выбарчаму заканадаўству, Канстытуцыі Беларусі.

М.Лазавік зазначыў, што падчас працы па прыняцці пастаноў Цэнтрвыбаркам "будзе ўважліва разглядаць і прапановы АДС".

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?