Прыблізна 500 індывідуальных прадпрымальнікаў сабраліся 18 студзеня на стыхійны мітынг каля будынка Гомельскага аблвыканкама на праспекце Леніна. Акцыя пачалася прыкладна ў 16.00. Яе ўдзельнікі скандавалі: «Дайце нам працу!»

Тут і ніжэй фота: БелаПАН

Тут і ніжэй фота: БелаПАН

У аблвыканкаме прайшла нарада рабочай групы з удзелам прадстаўнікоў індывідуальных прадпрымальнікаў, якія гандлююць на рынках вобласці, і падатковай службы па пытаннях працы ІП сёлета. 

Да ўдзельнікаў мітынгу выйшла начальнік камітэта эканомікі аблвыканкама Эльвіра Карніцкая, якая прапанавала прысутным прайсці ў залу Дома культуры «Юнацтва» для перамоў. Прадпрымальнікі рашуча адмовіліся, растлумачыўшы гэта тым, што яны 20 гадоў мерзлі зімой на марозе і цяпер няхай начальніца з імі таксама размаўляе на марозе. У сваю чаргу Карніцкая заявіла, што на вуліцы ніхто з імі размаўляць не будзе. 

Праз некаторы час да іх выйшаў намеснік старшыні аблвыканкама Баляслаў Пірштук і прапанаваў прайсці для перамоў у ДК. Прыкладна палова прадпрымальнікаў накіраваліся ў актавую залу Дома культуры, астатнія вырашылі чакаць вынікаў на ганку аблвыканкама. 

Адкрываючы сустрэчу, Пірштук падкрэсліў, што законы прымаюць парламент і прэзідэнт, а на месцах іх можна толькі абмяркоўваць і вылучаць прапановы. 

Ад імя ІП выступіў член савета прадпрымальнікаў рынку «Давыдаўскі» Сяргей Калпакоў. «Я чуў, што размовы з намі не будзе, што мядовыя гады закончыліся. Хачу сказаць, што мёд карысны, але па чайнай лыжцы, а калі шмат есці, тое-сёе зліпнецца, як у некаторых у нашай дзяржаве, якія пралабіравалі гэты ўказ, у тым ліку прадстаўнікі буйнога бізнесу. Вось іх трэба лячыць ад мядовай залежнасці. Гэтыя людзі не павінны прымаць законы для такіх, як мы, дробнага бізнесу. Гэта ўсё роўна як ваўку даверыць ахову авечак», — лічыць прадпрымальнік. 

Калпакоў нагадаў, што ў вобласці працуе 28 тыс. ІП, і гэтыя людзі сёння не ведаюць, што рабіць і куды ісці. «Мы ўжо год з вамі на кручку, падатковая ўжо гатова прыняць у абарот нашу ўсю маёмасць, а народ куды дзець? Я не супраць плаціць падаткі, але каб гэта было так, каб потым ніводзін швондзер не мог падысці і штосьці патрабаваць. Я ж не лезу ў беларускі бізнес — такі як беларускія крэветкі і беларуская папая», — заявіў выступоўца, прамова якога была сустрэтая апладысментамі.

Ён нагадаў прадстаўнікам улады пра гарадскія праблемы, у тым ліку цвіль на сценах у палатах дзіцячай бальніцы, а таксама гнілую гомельскую каўбасу і мясцовых чыноўнікаў, якіх за гэта пасадзілі. «Калі людзі хочуць жыць і працаваць, навошта іх пазбаўляць гэтага, колькі можна тэрарызаваць ІП? У Мінску дамовіліся аб спыненні баявых дзеянняў ва Украіне, а што, са сваімі грамадзянамі нельга дамовіцца?» — сказаў Калпакоў.

Перамовы ўладаў і гомельскіх індывідуальных прадпрымальнікаў доўжыліся больш за дзве гадзіны і скончыліся стварэннем ініцыятыўнай групы па вырашэнні праблемных пытанняў ІП.

Прапанова стварыць ініцыятыўную групу паступіла ад дырэктара Аналітычнага цэнтра Саюза юрыдычных сіл «Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва» Анатоля Змітровіча. Пірштук з дадзенай прапановай пагадзіўся і паабяцаў, што, як толькі прадпрымальнікі пададуць спіс тых, хто ўвойдзе ў групу, улада на працягу двух дзён дапоўніць гэты спіс прадстаўнікамі ІМПЗ, Дзяржстандарта, іншых ведамстваў і прызначыць сустрэчу.

«Хто вам сказаў, што мы па розныя бакі барыкады? Праблемы малога бізнэсу — наш галаўны боль. Мы за стварэнне рабочай групы. Заканадаўства гнуткае, памылкі ёсць, давайце ўносіць важкія аргументы. Падбярыце людзей, якія падрыхтаваны, ўмеюць працаваць з дакументамі», — прапанаваў Пірштук.

Прадпрымальнік з рынку «Давыдаўскі» Аляксей Байкоў лічыць, што адмяніць указ № 222 гэтак жа лёгка, як і было яго прыняць. «Дастаткова, каб адзін чалавек паступіўся сваім гонарам. Указ быў прыняты для перадзелу эканамічных патокаў, і ні Мытны саюз, ні ЕўрАзЭС тут ні пры чым. Гэта была творчасць для росквіту сетак. У нас адзіны рычаг уплыву — грошы. Мы не наймаем кілераў, не хочам ніякіх рэвалюцый. А наколькі патрэбныя грошы — спытаем у пенсіянераў, калі яны не атрымаюць пенсій, бо кожны ІП як мінімум двух пенсіянераў утрымлівае «, — сказаў прадпрымальнік.

«Улада прамахнулася, калі прэзідэнт заявіў, што адмены ўказа не будзе, пасля таго як на форуме прадпрымальнікі сказалі, што не пойдуць на плошчу. Калі прыйдзе час — выйдуць. Але яшчэ пар у катлах не саспеў. Прэзідэнт адчуў, што гэта слабасць прадпрымальнікаў, але гэта не слабасць, а сталасць. Яго выступленне было як водападзел — быў пасіўны пратэст, а пачынаецца фаза актыўнага, і куды яна выйдзе — мы самі не ведаем», — адзначыў Змітровіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?