Урад Ірана ўхваліў павышэнне здабычы нафты ў краіне на 500 тысяч бараляў у суткі. Распараджэнне аб павелічэнні вытворчасці падпісана сёння.

Як паведамляе Reuters, інфармацыю пацвердзіў намеснік міністра нафтавай прамысловасці Ірана Ракнадзіна Джавадзі. Павышэнне здабычы нафты стала магчымым пасля зняцця міжнародных санкцый з Ісламскай Рэспублікі Іран.

Міністэрства нафты Ірана паведаміла, што краіна мае намер вярнуць сабе ранейшыя пазіцыі на міжнародным рынку і да восені збіраецца павялічыць экспарт сырой нафты да 2 млн бараляў у дзень. Падчас дзеяння санкцый Іран экспартаваў каля 1 млн бараляў нафты ў дзень, у асноўным у Кітай, Індыю, Турцыю, Японію і Паўднёвую Карэю.

Між тым падзенне сусветных коштаў на нафту паскорылася. Кошт кошыка АПЕК знізіўся да $24,74 за бараль — мінімуму за апошнія 13 гадоў. Амерыканскі банк Morgan Stanley перагледзеў прагноз кошту нафты ў 2016-2017 гадах у бок паніжэння. Новы прагноз кошту нафты маркі Brent ў 2016 годзе ад аналітыкаў Morgan Stanley складае $41,9 за бараль (ранейшы прагноз — $51,9).

16 студзеня краіны МАГАТЭ атрымалі фінальны даклад экспертаў агенцтва па іранскай ядзернай праграме, папярэдні афіцыйнаму пачатку яе рэалізацыі. У дакуменце пацвярджалася, што іранскі бок выканаў свае абавязацельствы ў рамках пагаднення па ядзернай праграме. Пасля гэтага прадстаўнік Ірана ў АПЕК Мехдзі Асалі заявіў, што ўзровень здабычы павялічыцца на 500 тысяч бараляў у дзень, а неўзабаве пасля гэтага — яшчэ на 500 тысяч.

Глядзіце таксама: Сабекошт іранскай нафты — $10 за бараль

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?