Пуцін намякнуў, што ў выпадку ўступленьня ў альянс Украіна можа перапыніць існаваньне як адзіная дзяржава.
Пуцін паведаміў, што Масква ўспрымае набліжэньне НАТО да расейскіх межаў як рэальную пагрозу інтарэсам дзяржавы і паабяцаў зрабіць адэкватныя захады. Прэзыдэнт Расеі намякнуў, што калі НАТО выдасьць плян дзеяньняў па ўваходжаньні ў сябры НАТО Грузіі, то Расея прызнае Абхазію і Паўднёвую Асецію, абапіраючыся на косаўскі прэцэдэнт, і гэтак створыць буфэрную зону паміж сіламі НАТО і сваімі межамі.
«Зрэшты, пра Грузію расейскі прэзыдэнт гаварыў цалкам спакойна і нібыта між іншага. Калі гаворка пайшла пра Ўкраіну, Пуцін выбухнуў. Зьвяртаючыся да Буша, ён сказаў: «Ты ж разумееш, Джордж, што Ўкраіна — гэта нават не дзяржава! Што такое Ўкраіна? Частка яе тэрыторый — гэта Ўсходняя Эўропа, а частка, і значная, падараваная намі!» — заявіла крыніца.
І тут Пуцін заўважыў, што калі Ўкраіну і прымуць усё ж такі ў НАТО, гэтая дзяржава проста спыніць сваё існаваньне. То бок, фактычна, ён прыстрашыў, што Расея можа пачаць адасабленьне Крыму і Ўсходняй Украіны», — дадала крыніца газэты.
Як паведамлялася, перад журналістамі Пуцін назваў пашырэньне НАТО, што ўсё яшчэ працягваецца, праявай старой лёгікі, якая ў сучасных варунках стала неактуальнай.
Нагадаем, віцэ‑сьпікер Дзярждумы Ўладзімер Жырыноўскі, камэнтуючы магчымае ўступленьне Ўкраіны ў НАТО, заявіў, што калі б ён быў прэзыдэнтам, то зрабіў бы самыя жорсткія прэвэнтыўныя захады і дамогся бы расколу Ўкраіны.
3 красавіка на саміце ў Бухарэсьце сябры НАТО перанесьлі прыняцьце канчатковага рашэньня пра далучэньне Ўкраіны да Пляну дзеяньняў па ўваходжаньні ў сябры арганізацыі на сьнежань 2008 году. Разам з тым, у рэзалюцыі саміту НАТО гаворыцца, што Альянс гарантуе прыём Украіны ў склад НАТО.