Жанр: трылер, драма, камедыя, вестэрн
Рэжысёр: Квенцін Таранціна
У ролях: Курт Расэл, Сэмюэл Л. Джэксан, Цім Рот, Майкл Мэдсан, Джэніфер Джэйсан Лі, Уолтан Гогінс, Дэміян Бішыр, Брус Дэрн.
Адзнака: 7.

ЗША пасля грамадзянскай вайны. Легендарны паляўнічы за галовамі Джон Рут, па мянушцы Вешальнік, канваіруе злачынцу Дэйзі Домерг праз заснежаныя прасторы Ваёмінга ў Рэд-Рок, каб аддаць яе ў рукі правасуддзя і атрымаць узнагароду.

Па дарозе да іх прыбіваюцца яшчэ адзін паляўнічы і шэрыф Рэд- Рока. Завіруха змушае іх шукаць прытулку ў карчме, дзе ўжо размясцілася вельмі няпростая кампанія: генерал, мексіканец, француз і каўбой… І нехта з іх — не той, за каго сябе выдае.

Дзеянне адбываецца падчас страшнага снежнага бурану. Цалкам магчыма, што Таранціна меў на ўвазе Вялікую завіруху 1888, адну з самых моцных завей у гісторыі краіны.

Па словах Квенціна Таранціна, ідэя фільма навеяная вестэрнамі 1960-х. «Мне падабаецца ў вестэрнах тое, што можна паглядзець палову фільма, пакуль зразумееш, добры гэта персанаж або дрэнны. А вось калі такіх хлопцаў замкнуць недзе, ды каб звонку бушавала завіруха, і даць ім зброю, то будзе цікава паглядзець, што з гэтага выйдзе», — расказаў вядомы рэжысёр.


У стужцы надзвычайная колькасць крывавых сцэн, разбаўленых доўгімі размовамі персанажаў. Тут фільм мала чым розніцца ад папярэдніх твораў рэжысёра. Здымкі адбываліся ў штаце Каларада, на ранча Шмід на пласкагор’і каля Тэлурыда і на 900 акрах прылеглай зямлі. На здымачнай пляцоўцы адмыслова падтрымлівалася нулявая тэмпература.

Гэта восьмы фільм Таранціна, і шосты раз ён працуе разам з Сэмюэлам Л. Джэксанам.

«Васьмёрка» засвяцілася на ўсіх буйных кінафестывалях. Яна атрымала «Залаты глобус»— 2016 за найлепшы саўндтрэк, які стварыў для фільма Эніа Марыконэ.

На «Оскары»-2016 фільм прадстаўлены таксама ў намінацыях «Найлепшая жаночая роля другога плана» (Джэніфер Джэйсан Лі)» і «Найлепшы сцэнар».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?