Забудоўшчык, ТАА «Карповіч-груп», абяцаў здаць будынак яшчэ ў чэрвені 2015 года. Але і па сёння людзі чакаюць свае кватэры, хаця дом амаль што гатовы.

Той самы дом

Той самы дом

Людзі губляюць грошы — многія жывуць у здымных кватэрах, чакаючы свайго жылля. Але гэтае чаканне зацягваецца. Асноўная прэтэнзія — невядома, калі канкрэтна дом нарэшце здадуць. Яны пішуць лісты гендырэктару фірмы Дзмітрыю Карповічу, скардзяцца, а толку няма.

«Кватэра ў гэтым доме каштуе больш за $130 тысяч. У 2014 мы прадалі сваю ранейшую кватэру, набылі аблігацыі. Праплацілі здымную кватэру на год, разлічвалі, што наступным летам пераедзем. І вось, невядома што. Прычым спрабаваць свае вярнуць грошы бессэнсоўна — у аблігацыях цэны прапісаны ў беларускіх рублях. А з 2014 года рубель патаннеў удвая, — расказвае Таццяна, адна з кліентак Карповіча. — Адзіны выхад — чакаць. Калі Карповіч не зможа дабудаваць, будуць шукаць новага забудоўшчыка, які «забярэ» дом. Але гэта зноў чаканне. А колькі яшчэ чакаць?»

Да скаргаў далучаецца і Аляксандр, які таксама ўклаўся ў будоўлю.

«Я сам жыву ў Германіі. Узяў там крэдыт, аплаціў будоўлю кватэры. Разлічваў, што атрымаю жыллё максімум у жніўні, буду здаваць і за гэты кошт аплочваць крэдыт на яе. Але кватэры няма, — абураецца мужчына. — І ў мяне сітуацыя дрэнная: крэдыт плаціць трэба, а няма чым. І кожны месяц запазычанасць расце, я зараз баюся ў Германію вяртацца, бо мяне могуць «закрыць» за той крэдыт».

Па словах кліентаў Карповіча, забудоўшчык кажа, што цяпер у яго не вельмі добра з грашыма. Самі яны ўжо падазраюць, што іх грошы пайшлі «налева».

«Інакш мы не можам патлумачыць тое, што адбываецца. Нядаўна стала вядома, што ў Карповіча арыштаваныя рахункі, яго офісы таксама апісаныя банкам, — кажа Таццяна. — Мы ведаем, што і арганізацыі, якія працавалі з Карповічам на гэтай будоўлі, таксама чакаюць ад яго грошай».

Тым часам, абураюцца людзі, у інстаграме жонкі Карповіча з’яўляюцца фота сямейнага адпачынку на Кубе.

«Мы мяркуем, што такім чынам Карповіч проста хоча перачакаць крызіс. Ці чакае, каб яго даўгі патаннелі. Чакае за наш кошт», — кажуць кліенты забудоўшчыка. Меркаванне забудоўшчыка даведацца не ўдалося — гендырэктар кампаніі Дзмітры Карповіч не здымае слухаўку.

Але Карповіч адказаў сваім кліентам на іх калектыўны зварот, прыслаўшы ліст, у якім сцвярджаецца, што дом будзе гатовы ў першым квартале 2016 года. Просьбу жыхароў прадаставіць ім справаздачу — на што пайшлі іх грошы — забудоўшчык праігнараваў, заявіўшы, што гэта «не абавязак, які прапісаны ў дамове».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?