20 студзеня павінна была прайсці пастаноўка «Тэатра Ч» «Што рабіць з тыграм» польскага рэжысёра Дарыюша Язерскага паводле п'ес Славаміра Мрожака. Але за некалькі дзён стала вядома, што спектакль адмяняецца.

У «Тэатры Ч» сцвярджаюць, што прычына адмены — палітычныя матывы. А дакладней, спектакль забаранілі на ўсякі выпадак, бо прэм’еру наведалі Мікола Статкевіч і Уладзімір Някляеў.

Пасля прэм'ернага спектакля трупа тэатра нават сфатаграфавалася з палітыкамі

Пасля прэм'ернага спектакля трупа тэатра нават сфатаграфавалася з палітыкамі

«Сёння і заўтра павінны былі адбыцца два паказы ў Цэнтры сучасных мастацтваў. Але спектакль адмянілі. Афіцыйна — бо не прадаліся квіткі. Але прададзена больш за 100 квіткоў, плюс людзі збіраліся набываць іх непасрэдна ў дзень выступу. З улікам таго, што кожная імпрэза разлічаная на 60 гледачоў, можна дакладна сказаць, што праблема не ў квітках, — кажа Кацярына Саладуха, менеджар тэатра. — У прыватнай размове з кіраўніцтвам Цэнтра сучасных мастацтваў нам паведамілі, што быў званок з Міністэрства культуры з пытаннем: «А што ў вас там робіць Някляеў?». Мы таксама здзівіліся, бо прэм’ера, на якую прыходзілі Някляеў і Статкевіч, была ажно 28 верасня, і потым усё было добра. А тут раптоўна — адмена. Можа, справа не ў гэтым, а ў самім абсурдзе жыцця, пра які піша Мрожак у сваіх п’есах? Але мы лічым, што не павінны фільтраваць гледачоў і не збіраемся гэтага рабіць».

Спектакль спачатку перанеслі ў прастору «ЦЭХ», але паказ таксама сарваўся — не паспелі зрабіць гастрольнае пасведчанне.

Праўда, у Цэнтры сучасных мастацтваў запэўніваюць, што ніякай палітыкі ў гэтай сітуацыі няма. Справа выключна ў квітках.

«Менш чым за тыдзень да спектакля, у пятніцу, у нас было прададзена толькі чатыры квіткі. А калі прададзена менш за 10 квіткоў, спектакль здымаюць, такія ў нас правілы. І на гэты раз так адбылося, — тлумачыць Уладзімір Галак, каардынатар тэатральных праектаў Цэнтра. — Ніякай палітыкі, толькі эканоміка».

Але ў «Тэатры Ч» словы Галака абвяргаюць.

«Распаўсюдам квіткоў займаўся не толькі Цэнтр, але і мы таксама. Можа ў іх і прадаліся толькі 4 квіткі, але ў нас амаль усе прададзеныя. Справа яшчэ і ў тым, што Цэнтр распаўсюдзіў інфармацыю пра адмену спектакля, нічога ні пра якія продажы ў нас не спытаўшы, не паведаміўшы нам. Проста распаўсюдзілі праз усе СМІ, што нібыта квіткі не прадаюцца. А гэта ж не першая наша імпрэза, мы маем свайго гледача і ведаем, што людзі да нас ідуць», — каментуе Кацярына Саладуха.

Цяпер тэатр шукае новую пляцоўку, спадзяецца паказаць спектакль у лютым. Дарэчы, усе прададзеныя квіткі будуць сапраўдныя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?