Тым самым яны выказваюць салідарнасьць з выкрасьленымі са складу ўдзельнікаў «нячэснымі» дасьледчыкамі: Алесем Краўцэвічам і Алесем Смаленчуком.

10 красавіка ў мурах Гарадзенскага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы мае прайсьці канфэрэнцыя, прысьвечаная 880‑годзьдзю Горадні.

Як паведамляў сайт nn.by cа складу ўдзельнікаў былі выкрасьленыя «нячэсныя гісторыкі»: Алесь Смалянчук і Алесь Краўцэвіч.

8 красавіка справа атрымала працяг.

Як паведаміў nn.by Павал Мажэйка, некалькі гісторыкаў -- Генадзь Сагановіч, Андрэй Кіштымаў, Вольга Сабалеўская, Эдуард Мазько, Іна Соркіна, Андрэй Чарнякевіч, Анатоль Трафімчык, Віталь Карнялюк, Сяргей Токць, Юры Гардзееў -- у знак пратэсту супраць выкіданьня Краўцэвіча і Смаленчука вырашылі адмовіцца ад удзелу ў канфэрэнцыі.

Пра гэта яны паведамілі на імправізаванай прэс-канфэрэнцыі, што прайшла ў аўторак у другой палове дня. Паводле меркаваньня гісторыкаў, сьпіс тых, хто адмовіўся, будзе расьці. Яшчэ больш за дзесяць гісторыкаў не далучыліся да салідарнай заявы — іхнае становішча з розных прычынаў ім таго не дазваляе, — аднак прагаласуюць нагамі, г.зн. проста не прыедуць на канфэрэнцыю. Сярод іх таксама і супрацоўнікі Інстытуту гісторыі, ВНУ і музэяў.

Гісторыкі заяўляюць, што «адмаўляюцца ад удзелу ў канфэрэнцыі ў знак салідарнасьці з Алесем Краўцэвічам і Алесем Смаленчуком, якіх выдалілі са сьпісу ўдзельнікаў канфэрэнцыі».

Андрэй Чарнякевіч, які выступаў ад імя гэтых гісторыкаў, зазначыў, што Смалянчук і Краўцэвіч шмат зрабілі для дасьледаваньня і абароны Горадні, і выдаленьне іх абуральнае, пагатоў канфэрэнцыя адкрытая і ўзяць удзел у ёй можа любы дасьледчык.

Таксама былі скрытыкаваныя закіды наконт палітызаванасьці меркаваных выступаў Смаленчука і Краўцэвіча. Алесь Смалянчук, напрыклад, падаў тэму дакладу «Горадня на старонках «Нашай Нівы».

У прыватнай гутарцы Алесю Смаленчуку сказалі, што рашэньне пра выкіданьне прымалася не кіраўніцтвам Гарадзенскага ўнівэрсытэту, а аддзелам ідэалёгіі гарвыканкаму.

У той жа час у размове з гісторыкамі начальнік ідэалягічнага аддзелу гарвыканкаму Сяргей Дубавец (цёзка знанага публіцыста) заявіў, што нічога ня ведае аб матывах адмовы і выказаў меркаваньне, што рашэньне аб выключэньні гісторыкаў было прынята ва ўнівэрсытэце. Ён парадзіў схадзіць да намесьніцы старшыні гарвыканкаму Сенчанковай. Да тае гісторыкаў, натуральна, не пусьцілі.

Затое ў ідэалягічным аддзеле гісторыкі пачулі сакрамэнтальнае: «Такія гісторыкі з такімі ведамі нашай краіне непатрэбныя».

Варта адзначыць, што начальнік ідэалягічнага аддзелу гарвыканкаму сам выпускнік гарадзенскага гістфаку. У 90-я ён пісаў патрыятычныя артыкулы ў навуковыя зборнікі.


На здымку: Павал Мажэйка, Андрэй Чарнякевіч, Алесь Смалянчук, Алесь Краўцэвіч
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?