Дабрачынная арганізацыя Русфонд накіравала ў Следчы камітэт РФ заяву з просьбай распачаць крымінальную справу па факце крадзяжу амаль 21 млн расійскіх рублёў, сабраных у 2014 годзе на лячэнне спявачкі Жанны Фрыске, піша «Камерсант».

Фота: Дзмітрый Каратаеў / Камерсант

Фота: Дзмітрый Каратаеў / Камерсант

Як заявіла юрыдычная служба Русфонда, прайшло больш за паўгода з дня смерці Фрыске, і фонд цяпер валодае інфармацыяй, што грошы з рахунку спявачкі зніклі. Сцвярджаецца, што гэтыя грошы маглі быць пералічаныя на рахункі трэціх асоб.

Як паведамілі юрысты фонду, 4.120.000 расійскіх рублёў з сабраных грошай было выдаткавана на лячэнне спявачкі, а справаздачы пра звыш як 20 млн расійскіх рублёў няма. Паколькі сваякі спявачкі не падавалі фонду справаздачы аб выдатку сродкаў, арганізацыя папрасіла Следчы камітэт распачаць справу аб крадзяжы.

«У адрас спадкаемцаў Жаны, якія ўступілі, у адпаведнасці з законам, у права на спадчыну праз паўгода пасля яе смерці, гэта значыць 16 снежня, Русфонд накіроўваў патрабаванні даць справаздачу пра 20.890.831 расійскіх рублёў, але ніякага адказу не атрымаў. Выніку не дало і апавяшчэнне спадкаемцаў пра патрабаванні Русфонда, выстаўленыя ім праз натарыуса, які афармляў запавет Жаны Фрыске. Такім чынам, дасудовага ўрэгулявання спрэчкі не адбылося», — гаворыцца ў заяве юрыдычнай службы Русфонда.

У студзені 2014 стала вядома, што Фрыске хворая на рак. Пасля гэтага расійскі Першы канал арганізаваў збор сродкаў на лячэнне спявачкі, у якім удзельнічаў і Русфонд. Паводле закона, дабрачынны фонд можа захоўваць сродкі на сваім рахунку не больш за год, таму 19 кастрычніка 2014 года быў заключаны дагавор паміж Жаннай Фрыске і Русфондам, паводле якога на асабісты рахунак спявачкі пералічылі 25 млн расійскіх рублёў.

У сваю чаргу бацька Жаны Фрыске заявіў, што гатовы да вырашэння гэтага пытання ў судовым парадку. «Якое права яны («Русфонд») маюць нешта казаць? Адкуль яны ведаюць, ёсць там грошы ці не, калі ідзе суд, усё арыштавана? Доступу да рахунку няма. Як яны могуць казаць, што грошы выкрадзеныя, калі мы яшчэ самі не ведаем, ёсць там грошы ці не? Спадчыну ніхто не вызначыў, ідзе суд, і будзе ісці яшчэ да мая—чэрвеня. Няўжо нехта думае, што мы лячылі яе бясплатна? Колькі каштаваў адзін толькі самалёт, каб яе перавезці…», — сказаў агенцтву ТАСС Уладзімір Фрыске.

Спявачка Жана Фрыске памерла ад раку мозгу ў маі 2015 года ва ўзросце 41 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0