Ужо з лютага мінімальны заробак украінскага жаўнера падымецца да 7 000 грыўняў (каля $260) з 2341 грыўні, паведаміў сайт Міністэрства абароны Украіны.
Гэта заробак без прэміі за ўдзел у Антытэрарыстычнай аперацыі.
Даплата за ўдзел у АТА стане фіксаванай — той, хто знаходзіцца ў зоне АТА, атрымлівае 1 200 грыўняў у месяц, той, хто знаходзіцца на першай лініі абароны, атрымлівае 4 200 грыўняў.
Таксама будуць дадатковыя выплаты дэсантнікам, спецназаўцам, тэхнічнаму персаналу (экіпажам танкаў і бранятэхнікі), артылерыстам, лётчыкам і маракам.
Мабілізаваныя будуць атрымліваць такія ж заробкі плюс заробак на пакінутым месцы працы.
Таксама жаўнеры атрымліваюць прэміяльныя выплаты за паспяховае выкананне баявых заданняў і непасрэдны ўдзел у баявых дзеяннях, піша Юрый Бірукоў, дарадца прэзідэнта Украіны.
«Не зважаючы на эканамічныя ўмовы, упершыню ў гісторыі нашай дзяржавы грашовае забеспячэнне вайскоўцаў будзе большым за сярэдні заробак у Украіне», — адзначыў міністр абароны Украіны Сцяпан Палтарак.
Адначасова рэзка падвышаныя грашовыя пакаранні за парушэнне дысцыпліны — напрыклад, за знаходжанне ў стане алкагольнага ап'янення.