1. Стывен Кінг «11/22/63»

Міні-серыял паводле адной з найлепшых фантастычных кніг Караля жахаў пачне выходзіць з 15 лютага. Чакаецца 9 серый. Галоўную ролю выканае Джэймс Франка («127 гадзін», 2010).

Сюжэт будуецца вакол дапушчэння, што падарожжа ў мінулае становіцца магчымым толькі ў адзін дзень 1958-га. Гэтым вырашае скарыстацца настаўнік англійскай мовы Джэйк Эпінг з амерыканскага мястэчка. Ён адпраўляецца ў мінулае, каб прадухіліць забойства Кенэдзі, а таксама выратаваць жыццё сябру, але ў выніку прывязваецца да жыцця ў мінулым стагоддзі.

2. Джоджо Моес «Да сустрэчы з табой»

Брытанская пісьменніца з журналісцкай адукацыяй прадстаўляе плынь сучасных пладавітых творцаў, што выпускаюць у год па рамантычным рамане і зарабляюць новыя і новыя ўзнагароды. Джоджо паспела папрацаваць кіроўцам таксі і наборшчыкам шрыфта Брайля, а цяпер кожная расказаная ёй жыццёвая гісторыя карыстаецца нерверагодным поспехам у чытачак.

3 сакавіка выйдзе аднайменны фільм па кніге «Да сустрэчы з табой» — гісторыя Лу і Уіла. Гэтая сустрэча зменіць іх жыццё.

Галоўныя ролі выканаюць Эмілія Кларк, зорка «Гульні тронаў», і Сэм Клафлін.

3. Патрыцыя Хайсміт «Цана солі» («Кэрал»)

Першы раман амерыканскай пісьменніцы 50-х «Незнаёмцы ў цягніку» прынёс ёй поспех і быў экранізаваны Альфрэдам Хічкокам. Другая кніга «Цана солі» выйшла пад псеўданімам, яна прысвечаная непапулярнай у той час тэме — аднаполаму каханню.

Фільм выйдзе 10 сакавіка пад назвай «Кэрал». Дзве жанчыны з розных сацыяльных слаёў, Тэрэза і Кэрал, сустрэнуцца, каб спазнаць сапраўднае каханне. Галоўныя ролі выканаюць Кейт Бланшэт і Руні Мара.

4. Льюіс Кэрал «Аліса ў Залюстроўі»

Працяг знакамітай кнігі «Аліса ў краіне цудаў» прадзюсіруе Цім Бёртан, хоць у 2010-м быў рэжысёрам першай часткі. Акцёрскі склад пакінулі без зменаў: Алісу сыграе Мія Васікоўска, Шляпніка — Джоні Дэп, Чырвоную каралеву — Хелена Бонэм Картэр, Белую каралеву — Эн Хэтэўэй.

Стужка выйдзе ў пракат 26 мая.

5. Роальд Даль «Вялікі і добры волат»

Класік брытанскай дзіцячай літаратуры напісаў кнігу «Чарлі і шакаладная фабрыка», удала экранізаваную Цімам Бёртанам у 2005. Цяпер за экранізацыю Даля ўзяўся сам Стывен Спілберг.

22 чэрвеня выйдзе фільм пра дзяўчынку Сафі, якая аднойчы не магла заснуць і ў акенца ўбачыла вялізнага волата, які падыходзіў да суседніх дамоў і дзьмуў у вокны спальняў. У поўнай адпаведнасці са старадаўнімі павер'ямі і дзіцячымі страшылкамі, волат убачыў Сафі і забраў да сябе, у краіну волатаў.

У галоўных ролях — Рэбека Хол і Марк Райлэнс.

6. Пола Хокінс «Дзяўчына ў цягніку»

Яскравы дэбют брытанскай журналісткі, якая ў адзін дзень прачнулася знакамітай пасля выхаду рамана 1 лютага 2015. Кніга 13 тыдняў заставалася ў першым радку бестсэлераў па версіі The New York Times.

Рэйчал штодзень ездзіць ў электрычцы ў Лондан і праз акно назірае за жыццём сямейнай пары ў доме на адным з прыпынкаў. Яна нават прыдумляе ім імёны - Джэс і Джэйсан. Аднак нечакана Джэс знікае. Рэйчал адчувае бяду, але ўпэўненая, што зможа разгадаць таямніцу.

Фільм выйдзе 6 кастрычніка. У галоўных ролях здымуцца Эмілі Блант і Рэбека Фергюсан.

7. Дэн Браўн «Інферна»

Чацвертая кніга аб прыгодах прафесара Роберта Лэнгдана і трэцяя поўнаметражная экранізацыя дэтэктываў Браўна выйдзе 12 кастрычніка.

Сюжэт, як заўжды, уражвае сваёй глабальнасцю. Лэнгдан прыходзіць у прытомнасць у адной з італьянскіх бальніц, цалкам страціўшы памяць. Мясцовая доктарка Сіена Брукс спрабуе дапамагчы Роберту не толькі аднавіць успаміны, але і спыніць загадкавых зламыснікаў, якія маюць намер распаўсюдзіць смяротны вірус.

У галоўнай ролі па-ранейшаму оскараносны Том Хэнкс, а пару яму складзе Фелісіці Джонс.

8. Патрык Нэс «Голас пачвары»

Амерыканскі пісьменнік, які спецыялізуецца на кнігах для падлеткаў, выдаў у 2011-м «Голас пачвары», шчодра аздоблены атмасферымі ілюстрацыямі Джыма Кэя. За экранізацыю страшнай гісторыі пра монстра ўзяўся іспанскі рэжысёр Хуан Антоніа Баёна, які здымае ў жанры хорар.

Трынаццацігадовы хлопчык Конар вымушаны прыняць навіну аб хуткай смерці маці. Змірыцца з гэтым, перажыць страту яму дапамагае монстр з яго сноў, стары ціс, які ператвараецца ў пачвару, калі хлопчыку асабліва кепска.

Стужка выдзе 14 кастрычніка. Пачвару сыграе Ліам Нісан, Конара - Льюіс МакДугал, а яго бабулю — Сігурні Уівер.

9. Рэнсам Рыгз «Дом дзіўных дзяцей»

Яшчэ адзін яркі дэбют у жанры хорар чакае выхаду на экраны. Амерыканец Рыгз, пісьменнік і сцэнарыст, выпусціў «Дом дзіўных дзяцей» у 2011. Кніга была ілюстраваная старымі фотаздымкамі дзяцей і заняла пачэснае месца ў спісе бестсэлераў. Цяпер Рыгз працуе над працягам.

У дзяцінстве дзед часта расказваў Джэйкабу пра прытулак для незвычайных дзяцей. Сярод яго насельнікаў была дзяўчынка, якая ўмела трымаць у руках агонь, нябачны хлопчык і двайняты, якія ўмелі размаўляць без слоў. Калі дзед памірае, 16-гадовы Джейкаб адпраўляецца на выспу. Там ён знаходзіць дзяцей, якіх раней бачыў толькі на фотаздымках.

Экранізаваць кнігу будзе Цім Бёртан, аматар дзіўных гісторый. Выхад прызначаны на 3 сакавіка.

10. Клайв С. Льюіс «Срэбнае крэсла»

На гэты год запланаваны перазапуск франшызы «Хронікі Нарніі». Серыя фільмаў будзе пачынацца з чацвёртай кнігі і разам з працягам утворыць новую франшызу. Дзеянне будзе адбывацца праз дзесяцігоддзі пасля падзей, расказаных у «Скаральніку зары» (2010). Новымі героямі стануць Юстас Врэд, які ўжо з'яўляўся ў апошнім фільме, і яго аднакласніца Джыл Поўл. Ніхто з сям'і Пэвэнсі больш не можа трапіць у Нарнію, бо яны сталі дарослымі.

Уцякаючы ад школьнікаў-катаў, Юстас і Джыл трапляюць у Нарнію. Леў Аслан даручае ім знайсці сына Каспіяна, прынца Рыліяна, які быў выкрадзены дзесяць гадоў таму. Дзеці адпраўляюцца на пошукі прынца ў паўночныя землі, населеныя волатамі. Іх суправаджае эксцэнтрычны квакль Хмур.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?