Беларуская праваслаўная царква ўзнагародзіла экс-генеральнага дырэктара мінскага «Дынама» Максіма Суботкіна, які знаходзіцца ў СІЗА, граматай Патрыяршага Экзарха.
«Гэтай узнагароды Максім Суботкін удастоены за руплівую працу ў славу Святой Царквы і на карысць Айчыны», - гаворыцца ў паведамленні сайта Бабруйскай епархіі.
Узнагароджанне Максіма Суботкіна адбывалася завочна ў яго родным Бабруйску, у храме Святога духу.
Нагадаем, Суботкін знаходзіцца пад вартай з ліпеня мінулага года. Ён падазраецца ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі і прычыненні шкоды ў асабліва буйным памеры.
Паводле інфармацыі следства, Максім Суботкін стварыў ад імя хакейнага клуба, які належыць дзяржаве, кансалтынгавую фірму і атрымліваў у ёй штомесяц 45 млн рублёў. Таксама ён заключыў фіктыўную дамову на аказанне кансалтынгавых паслуг ХК «Дынама-Мінск» на суму 400 млн рублёў.
Як паведамлялі сваякі Максіма Суботкіна, ён пагадзіўся кампенсаваць шкоду, але тым не менш яму не змянілі меру стрымання. Мяркуецца, што суд над былым генеральным дырэктарам «Дынама-Мінск» можа пачацца ў сакавіку.